Анатоля Лябедзьку будуць судзіць



Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку чакае суд па адміністрацыйным абвінавачанні ў правядзенні несанкцыянаванай акцыі 17 кастрычніка на пляцоўцы ля сталічнага Камароўскага рынку, падчас якой ён збіраў подпісы за адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова.

„Мне прыйшоў пратакол, матэрыялы накіраваныя ў суд, дакладная дата якога пакуль не вызначаная. Чакаю позву з суда Савецкага раёна Менска”, — паведаміў  палітык.

17 кастрычніка правацэнтрысты (у кааліцыю ўваходзяць АГП, рух „За Свабоду” і аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”) пачалі кампанію „Не — дзедаўшчыне” за адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова. У прыватнасці яны збіралі подпісы за адстаўку міністра на пляцоўцы каля сталічнага Камароўскага рынку.

„Тэма гібелі ў Печах салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ўжо выбухнула ў грамадстве так, што яе не замаўчаць. Я надрукаваў пост у „Аднакласніках” аб тым, хто павінен несці адказнасць за смерці салдат, па ім прагаласавала амаль 30 тыс. чалавек. Што цікава, другая па большасці група тых, хто прагаласавалі, лічыць, што адказнасць павінен несці галоўнакамандуючы Аляксандр Лукашэнка”, — заявіў тады  Лябедзька.

21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са звязанымі нагамі і апранутай на галаву майкай 3 кастрычніка ў склепе медроты. 5 кастрычніка ў якасці першапачатковай версіі следства назвала суіцыд, але сваякі з гэтым не пагадзіліся і заявілі аб гвалтоўным характары смерці. У выніку Следчы камітэт распачаў справу на падставе ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, што пацягнула цяжкія наступствы). Камітэт разглядае тры версіі здарэння: давядзенне да самагубства, забойства і самагубства.

15 лістапада генпракурор Аляксандр Канюк паведаміў журналістам, што ў сувязі з гібеллю Коржыча распачатыя прыблізна 15 крымінальных спраў, прыкладна столькі ж фігурантаў. Канюк заявіў, што расследаванне знаходзіцца на яго асабістым кантролі. БелаПАН