Анатоля Лябедзьку выклікаюць у суд за салідарнасць (абноўлена)
Кіраўніку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку прыйшлі павесткі ў суды Ленінскага і Маскоўскага раёнаў Менску. Там будуць разглядацца адміністрацыйныя справы за правядзенне палітыкам двух пікетаў салідарнасці. Адзін быў прысвечаны падтрымцы індывідуальных прадпрымальнікаў. Ён адбыўся 18 студзеня. Другая акцыя была накіравана супраць збіцця супрацоўнікамі міліцыі грамадзянаў, у тым ліку журналіста, у судзе Фрунзенскага раёну. Гэты пікет адбыўся 30 студзеня:
– Ужо прызначаны дні – на 12 і 17 лютага. У гэтым годзе гэта будуць першыя судовыя працэсы. А што тычыцца мінулага, то там я прайшоў добры дзясятак судовых працэсаў.
Па словах Анатоля Лябедзькі, павесткі і паведамленні праз смс пачалі прыходзіць і іншым удзельнікам гэтых пікетаў. Па звестках старшыні АГП, на акцыі ў падтрымку прадпрымальнікаў было складзена 5 пратаколаў, а на пікеце супраць міліцэйскага беззаконня не менш за 7.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
* * *
Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку на 17 лютага выклікалі ў суд Маскоўскага раёна Менска за правядзенне акцыі салідарнасці з прадпрымальнікамі.
– Я атрымаў SMS-ку, як, дарэчы, і некаторыя іншыя ўдзельнікі пікету салідарнасці з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Мяне выклікаюць на 17 лютага. Думаю, гэта будзе датычыць 5-6 чалавек, якія бралі актыўны ўдзел у пікеце салідарнасці АГП, які праходзіў 18студзеня.
18 студзеня Анатоль Лябедзька правёў у цэнтры Менска несанкцыянаваную акцыю ў падтрымку індывідуальных прадпрымальнікаў, а потым перадаў петыцыю ва ўрад. Цяпер яго вінавацяць у парушэнні парадку правядзення масавых акцый.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя