Анатолю Лябедзьку разблакавалі нумар мабільнага тэлефона
Нумар мабільнага тэлефона старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, грошы на балансе якога былі арыштаваныя судовым выканаўцам, разблакаваны. Пра гэта палітык паведаміў БелаПАН.
Лябедзька не мог карыстацца мабільным тэлефонам з 29 сакавіка. Грошы на балансе нумара мабільнага тэлефона былі арыштаваныя ў сувязі з наяўнасцю штрафаў за ўдзел у не санкцыянаваных уладамі вулічных акцыях.
„У нармальнай сітуацыі я быў бы павінен прыцягнуць іх да суда. Яны мне выставілі рахунак за акцыі, якія былі аплачаныя яшчэ восенню мінулага года”, — заявіў Лябедзька.
Паводле яго слоў, судовыя выканаўцы не мелі права арыштоўваць грошы на тэлефонным рахунку, а таксама аўтамабіль, гараж.
Пры гэтым Лябедзька паведаміў, што пакуль не атрымаў адпаведных апавяшчэнняў аб зняцці арышту са сваёй маёмасці. „Але дэ-факта па тэлефоне арышт знялі. Спадзяюся, замарожаныя і іншыя дзеянні з боку ўладаў”, — сказаў ён.
„Напэўна, яны самі паднялі буру, а потым выявілі ў сваіх паперах, што штрафы былі аплачаныя, таму і пачалі згортваць сваю актыўнасць у дачыненні да мяне”, — дадаў Лябедзька.