Андрэа Віктарын: Мы спадзяемся, што ў Беларусі не будзе гвалтоўных дзеянняў
Прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі працягне адсочвае развіццё сітуацыі ў краіне. Пра гэта заявіла кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ Андрэа Віктарын у адказ на просьбу пракаментаваць масавыя затрыманні грамадзян і журналістаў у Беларусі апошнімі днямі.
„Мы будзем абмяркоўваць, будзем сачыць за развіццём сітуацыі. Мы вельмі спадзяемся на тое, што ўсе бакі — я падкрэсліваю, ўсе бакі — будуць устрымлівацца ад якіх-небудзь гвалтоўных дзеянняў”, — сказала Віктарын.
Яна нагадала, што 13 сакавіка падзеі ў Беларусі пракаментавала прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч. Пакуль да гэтай пазіцыі дадаць няма чаго, адзначыла кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі. „Як мы сказалі ўчора, мы спадзяемся, што ўсе затрыманыя будуць вызваленыя”, — сказала дыпламат.
Андрэа Віктарын дадала, што ЕЗ супрацоўнічае з Беларуссю ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах, і пры гэтым — прытрымліваецца пэўных каштоўнасцяў.
Напярэдадні прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў заявіла, што „затрыманні і прысуды мірным дэманстрантам, у тым ліку лідарам апазіцыйных рухаў, знаходзяцца ў супярэчнасці з абвешчанай Беларуссю палітыкай дэмакратызацыі”. „Еўрапейскі саюз застаецца прыхільным да стабільнай, дэмакратычнай і паспяховай будучыні Беларусі на карысць яе народа і працягне сваю працу над гэтай мэтай. Мы заклікаем да неадкладнага вызвалення затрыманых”, — падкрэсліла Мая Качыянчыч.
З лютага ў розных гарадах Беларусі праводзяцца масавыя вулічныя акцыі супраць дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.
9 сакавіка Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу жорстка рэагаваць на дзеянні арганізатараў гэтых акцый. „Нам трэба, як разынкі з булкі, павыкалупліваць гэтых правакатараў. <…> Працаваць трэба на папярэджанне, я кажу гэта публічна. І ўсе тыя, якіх мы выпусцілі з засценкаў за мінулыя дзеянні, калі яны не зразумелі, іх трэба вярнуць назад”, — заявіў Лукашэнка.
10 сакавіка пасля акцыі ў Маладэчне былі затрыманыя і асуджаныя на 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве лідары правацэнтрысцкай кааліцыі Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч і Віталь Рымашэўскі.
Нягледзячы на іх арышты, 11 і 12 сакавіка акцыі супраць дэкрэта „аб дармаедстве” прайшлі ў пяці гарадах Беларусі — Пінску, Бабруйску, Брэсце, Оршы і Рагачове. У Бабруйску і Оршы акцыі апынуліся найбольш масавымі, на кожную з іх сабралася каля 1.000 чалавек. У гэтых гарадах зафіксаваныя масавыя затрыманні ўдзельнікаў пратэстаў, а таксама вобшукі і прэвентыўныя затрыманні мясцовых актывістаў. У ліку затрыманых апынуліся 19 журналістаў і блогераў, якія асвятлялі акцыі.
Паводле звестак праваабаронцаў, з 3 сакавіка за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў Беларусі было затрымана больш за 70 чалавек.
БелаПАН