Андрэа Віктарын: Наступны раўнд перамоў аб візавым рэжыме можа стаць заключным



Наступны раўнд перамоў паміж Беларуссю і Еўразвязам аб спрашчэнні візавага рэжыму можа стаць апошнім. Такое меркаванне выказала журналістам у Менску кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ Андрэа Віктарын. „Зараз праходзяць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму. Ужо ёсць прапановы адносна даты правядзення наступнага раўнда. Мы спадзяемся, што гэта будзе апошні„, — сказала Віктарын 14 верасня ў выпуску навінаў тэлеканала ОНТ.

Яна падкрэсліла, што пагадненні амаль гатовыя, а іх падпісанне будзе важным крокам.

Нашы адносіны апошнім часам палепшыліся. І мы хочам, каб у нас былі гэтыя візавыя пагадненні з Беларуссю. Спадзяюся на хуткае падпісанне„, — адзначыла кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасвзяза.

Як паведамляў БелаПАН, дакладная дата пятага раўнда перамоў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж Беларуссю і Еўрзвязам яшчэ не вызначаная.

30 ліпеня Еўрапейская камісія афіцыйна запрасіла Беларусь на пяты раўнд перамоў. З улікам таго, што папярэдняя сустрэча адбылася ў Мінску, гэтым разам прапанавана сустрэцца ў верасні ў Бруселі. Еўракамісія выказала гатоўнасць працягваць перамовы, каб завяршыць іх як мага хутчэй.

У МЗС Беларусі на гэтым тыдні заявілі, што абмяркоўваюць з Еўракамісіяй даты пятага раўнда перамоў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. „Мы знаходзімся ў кантакце з Еўракамісіяй па ўзгадненні дат. Днямі перадалі ў Еўракамісію нашы прапановы па датах сустрэчы”, — паведаміў 12 верасня БелаПАН прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз.

Перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі афіцыйна пачаліся ў студзені 2014 года. Апошняя сустрэча адбылася ў чэрвені 2017 года ў Менску. Паводле яе вынікаў было заяўлена аб дасягненні „значнага прагрэсу, у прыватнасці, у дачыненні да будучага пагаднення аб рэадмісіі”. „Калі пагадненні будуць заключаныя, яны зробяць працэдуры выдачы Еўрапейскім саюзам кароткатэрміновых віз беларускім грамадзянам больш простымі і таннымі, а таксама дазволяць Беларусі лепш забяспечваць рэадмісію сваіх грамадзян, якія не маюць права знаходзіцца на тэрыторыі ЕЗ”, — паведаміла прэс-служба Еўразвяза.

У чэрвені гэтага года еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕЗ Ёханес Хан падчас візіту ў Менск заявіў, што перамоўны працэс паміж Беларуссю і Еўразвязам па пагадненні аб спрашчэнні візавых працэдур можна было б паскорыць. „Мне не хацелася б каментаваць перамоўны працэс, — сказаў ён. — Я мяркую, калі ёсць добрая воля з абодвух бакоў, мы тады можам не прайсці, а прабегчы апошні кіламетр. Можна было б паскорыць гэты канчатковы працэс прыняцця рашэнняў”.

Гаворачы аб запланаваным павышэнні кошту шэнгенскіх віз да 80 еўра, Хан падкрэсліў, што ЕЗ і Еўракамісія не зацікаўленыя ў тым, каб „зрабіць візавыя пытанні крыніцай даходу”. „Наша мэта — забяспечыць хуткую выдачу віз. Тут ёсць пэўныя ўмовы, але мы не маем намеру зарабляць на гэтым грошы”, — сказаў ён.

Раней паслы краін — членаў ЕЗ ухвалілі мандат Еўракамісіі на пачатак перамоў з Еўрапарламентам аб унясенні зменаў у Візавы кодэкс. Сярод запланаваных змен — устаноўка перыяду падачы візавых заявак не пазней як за 15 дзён да паездкі і павелічэнне консульскага збору з 60 да 80 еўра. Павелічэнне збору не закране тыя краіны, з якімі ў ЕЗ падпісаныя пагадненні аб спрашчэнні візавых працэдур і для грамадзян якіх шэнгенскія візы каштуюць 35 еўра.  БелаПАН