Андрэа Віктарын: Рада вызваленню фігурантаў справы „Белага легіёна”



Кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын рада, што фігуранты справы „Белага легіёна” вызваленыя з заключэння. Пра гэта яна заявіла 6 ліпеня журналістам, адказваючы на пытанне БелаПАН.

„Рада, што яны вызваленыя — гэта тое, пра што мы прасілі. І цяпер трэба паглядзець, як будзе развівацца сітуацыя. Важна, каб мы працягвалі ажыццяўляць дыялог з уладамі”, — падкрэсліла Віктарын.

Яна таксама адзначыла, што ЕЗ працягвае „ўважліва сачыць” за сітуацыяй у Беларусі ў цэлым. Паводле слоў кіраўніка прадстаўніцтва, застаюцца пытанні, якія выклікаюць занепакоенасць ЕЗ, у тым ліку праблема смяротнага пакарання. „Але вельмі важна заставацца ў кантакце, весці дыялог і ўзаемадзейнічаць”, — дадала Андрэа Віктарын.

Многія назіральнікі звязваюць вызваленне фігурантаў рэзананснай крымінальнай справы з сесіяй Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая адкрылася ў Менску 5 ліпеня.

БелаПАН