Андрэй Бандарэнка: Абмежавання волі не будзе…



Праваабаронца Андрэй Бандарэнка робіць прагноз на тое, якое судовае рашэнне чакае лідараў прафсаюза РЭП.

Сёння стала вядома, што працэс па гучнай “справе прафсаюзаў” пачнецца 30 ліпеня.

Па інфармацыі Следчага камітэта, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра. Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

Андрэй Бандарэнка: Гэты працэс палітычны на сто адсоткаў. І нават сам факт таго, што крымінальную справу завялі адразу пасля пратэстаў людзей супраць дэкрэта аб “дармаедах” (а ў пратэстах прафсаюз РЭП гуляў не апошнюю ролю), кажа пра палітычную матываванасць справы. Але самае галоўнае, што ўсе абвінавачванні, якія прад’яўляюцца, яны накіраваны выключна на пошук нейкіх парушэнняў фінансавай дзейнасці ў той час, як сама дзяржава стварае ўмовы для існавання грамадскіх араганізацый такім чынам, што яны проста не могуць не парушаць гэтую дзейнасць.

РР: Ці могуць Ігар Комлік і Генадзь Фядыніч атрымаць рэальныя тэрміны зняволення?

Андрэй Бандарэнка: Мне падаецца, што гэта не адбудзецца, Комлік і Фядыніч застануцца на волі. Зараз у Беларусі вельмі моцнае праеўрапейскае лобі, і беларускія ўлады самі як быццам хочуць паказаць Захаду, што яны прытрымліваюцца некіх нормаў па захаванні правоў чалавека. Таму жорсткага пакарання не будзе, але ў той жа час трэба разумець, у якой краіне мы жывем. Улада знаходзіцца ў залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры, ідзе палітычная гульня. Таму рашэнне суда будзе залежыць яшчэ і ад таго, куды ў пэўны момант будзе дзьмуць вецер. А раптам ён заўтра пераменіцца?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя