Андрэй Бандарэнка: Зляпілі справу з таго, што было
Праваабаронца Андрэй Бандарэнка выказаў свой пункт погляду на “справу прафсаюзаў”.
На гэтым тыдні кіраўнікі прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік падалі апеляцыйныя скаргі на прысуд суда Савецкага раёна ад 24 жніўня.
Нагадаем, што Фядыніч і Комлік атрымалі па 4 гады хатняй «хіміі» без канфіскацыі маёмасці. Суд прызнаў кіраўнікоў прафсаюза вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Паводле версіі следства, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч і галоўны бухгалтар прафсаюза Ігар Комлік незаконна адкрылі рахунак у банку Літвы, куды ў 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі паступілі грашовыя сродкі ў замежнай валюце — 140 тысяч еўра і 18 тысяч даляраў. У далейшым гэтыя грошы ў далярах і еўра здымаліся з рахунку Комліка і дастаўляліся членамі прафсаюза на тэрыторыю Беларусі, дзе вярталіся Комліку і Фядынічу. У выніку чаго Фядыніч і Комлік не заплацілі падаткаў на 22 тысячы рублёў з улікам дэнамінацыі.
Андрэй Бандарэнка: Тое, што прысуд будзе абвінаваўчым, сумненняў не ўзнікала, паколькі першапачаткова было відавочна: справа мае яскравы палітычны падтэкст. Гэта вынікала з таго, што абвінавачванне прад’явілі аж праз 7 год, калі стала вядома пра быццам бы здзейсненае злачынства. Дарэчы, амаль такая ж сітуацыя была ў свой час і з кіраўніком Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесем Бяляцкім. Нават чалавек, які не вельмі паглыбляецца ў палітычныя інтрыгі, зразумее: калі б у следства была хаця б нейкая доказная база, то працэс над Бяляцкім быў бы не адзінкавым выпадкам.
РР: Таксама лічыце, што ў “справе прафсаюзаў” няма доказнай базы?
Андрэй Бандарэнка: Адсутнасць доказаў пацвердзілася ў судзе, дзе замест бясспрэчнай доказнай базы, суд дапускаў магчымасць выходзіць за межы прад’яўленага абвінавачвання ў перыяд 2011-2012 гадоў і, у парушэнне ўсіх патрабаванняў КПК, дазволіў допыт сведкаў, якія нават не працавалі ў гэты перыяд у прафсаюзе РЭП альбо выйшлі з прафсаюза да 2011 году. Следства было проста не ў стране нешта даказаць і кіравалася прынцыпам “злепім справу з таго, што маем”. У выніку яе перадалі ў суд з вялікімі парушэннямі, ціскам на сведкаў, шматлікімі фальсіфікацыямі і скажэннямі фактычных абставін і паказанняў сведкаў. Таму выснова відавочная: прафсаюз РЭП і яго лідар атрымалі шырокую вядомасць і падтрымку сярод працоўных і прадстаўлялі яўную пагрозу для ўлады на будучых прэзідэнцкіх выбарах. Патрэбна было максімальна прынізіць магчымага прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Генадзя Фядыніча і ў той жа час не сапсаваць стасункі з Захадам.
РР: Таму пакаранне і не звязана з рэальным пазбаўленнем волі? Андрэй Бандарэнка: Так. У калонію Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка не накіравалі, але адбылася зачыстка канкурэнтаў ў галіне, дзе беларускі кіраўнік заўсёды пазіцыяніраваў сябе, як галоўны гарант абароны простых людзей. Хаця прафсаюз РЭП фактычна даказаў, што менавіта ён аказвае рэальную дапамогу насельніцтву. Не выключаю, што менавіта вышэйзгаданы фактар і стаў галоўным матывам у гэтым палітычным працэсе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Deutsche Welle