Андрэй Бастунец: Заканадаўства і тэлебачанне цягнуць краіну ўніз у рэйтынгу



Беларусь – на апошнім месцы па ўзроўню свабоды слова у краінах Усходняга партнёрства. Такія несуцяшальныя вынікі чарговага аналізу экспертаў Media Freedom Watch, што былі прэзентаваныя ў Менску.

Адметна, што на месца Беларусі ў рэйтынгу не паўплывалі ні забойствы і захоп журналістаў ва Украіне, не масавыя арышты блогераў у Азербайджане.

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец гаворыць, што на адмоўную ацэнку экспертаў паўплывалі заканадаўства і палітыка ўладаў у дачыненні тэлерадыёвяшчання.

– Апошнім часам у Беларусі стагнацыя ў сферы выкарыстання права, але пры гэтым заканадаўства знаходзіцца на па-ранейшаму нізкім узроўні. І самыя меншыя адзнакі атрымлівае сфера тэлебачання. І менавіта дзве гэтыя рэчы – заканадаўства і тэлебачанне цягнуць краіну ўніз у рэйтынгу, незалежна нават ад таго, якая практыка выкарыстання права існуе.

Лідарамі рэйтынгу свабоды слова ва Усходнім партнёрстве па-ранейшаму з’яўляюцца Грузія, Малдова і Украіна. У гэтых краінах улады дэманструюць паважнае стаўленне да журналістаў, а заканадаўства дае шырокія гарантыі прадстаўнікам медыя.

Беларускае Радыё Рацыя