Андрэй Бастунец: Гібель Шарамета звязана з журналісцкай дзейнасцю



Ад выбуху машыны ў Кіеве загінуў беларускі журналіст Павел Шарамет.

Гэта адбылося сёння ў Кіеве на рагу вуліцы Хмельніцкага і Франко падчас руху.  Журналіст праехаў ад свайго дома літаральна некалькі дзясяткаў метраў. Аўтамабіль належаў кіраўніку выдання “Украінская праўда” Алене Прытуле, але яе ў машыне не было. На месцы здарэння працуе паліцыя. Пакуль афіцыйных версій выбуху машыны няма.

Генеральны пракурор Украіны Юрый Луцэнка пацвердзіў, што Павел Шарамет загінуў у выніку  спрацоўвання выбуховага прыстасавання, і гэта забойства. Луцэнка заявіў, што зробіць усё, каб разам з калегамі раскрыць злачынства.

Па інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў Украіны, магутнасць выбухоўкі складала ад 400 да 600 грамаў у трацілавым эквіваленце. Прылада магла кіравацца дыстанцыйна або спрацавала з затрымкай. Былы дарадца кіраўніка МУС Антон Герашчанка не выключые «расейскі след» у гэтым забойстве.

Таксама на думку экспертаў, выбухоўка магла прызначацца не Шарамету, а Прытуле. Сваё меркаванне выказвае старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

– Зразумела, што я быў шакаваны гэтай навіной. Цяжка назваць свае адчуванні. Што стала нагодай для злачынства – сказаць, канешне, зараз вельмі цяжка. Бо машына належыць кіраўніцы “Украінскай праўды” Алене Прытуле, і журналіст загінуў за рулём яе аўтамабіля. Таму можна зрабіць выснову, што злачынства звязана з журналісцкай дзейнасцю. Але я спадзяюся, што следства ва Украіне знойдзе злачынцаў і мы будзем ведаць праўду.

Павел Шарамет нарадзіўся ў 1971 годзе ў Менску. Супрацоўнічаў з беларускім, расейскім і ўкраінскім тэлебачаннем. Стаў адным з арганізатараў вэбсайта «Беларускі партызан», суаўтарам кнігі «Выпадковы прэзідэнт», зняў шэраг дакументальных фільмаў. У 98-ым быў асуджаны беларускім судом на тэрмін два гады ўмоўна за рэпартаж з беларуска-літоўскай мяжы, да рашэння суда правёў у зняволенні тры месяцы. Апошнія 5 год Павел Шарамет жыў у Кіеве, працаваў ва “Украінскай праўдзе”, таксама быў вядоўцам на “Радыё Весці”.

У журналіста засталося двое дзяцей. Маці журналіста паведаміла, што Павел Шарамет будзе пахаваны ў Менску.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pravda.com.ua