Андрэй Бастунец: Працэс, а не спаборніцтва



Так выбары традыцыйна выглядаюць у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

У арганізацыі прэзентавалі вынікі першага этапу маніторынгу асвятлення ў СМІ парламенцкіх выбараў 2019 года. У дзяржаўных медыя дамінавала тэхнічная інфармацыя пра арганізацыю кампаніі. Звычайна фігуравалі лічбы, а не прозвішчы ці канкрэтныя выпадкі парушэння правілаў збору подпісаў. Адбываецца відавочная дэпалітызацыя выбарчага працэсу, кажа кіраўнік журналісцкай арганізацыі:

– Тыя вынікі, якія агучваюцца кожны год, яны вельмі падобныя адзін да аднаго. Тое, што дзяржава, а ў першую чаргу медыя, даюць малюнак выбараў, як адміністратыўную працэдуру, зладжаную працу дзяржаўных органаў па забеспячэнні працэсу, а не як спаборніцтва праграм, кандыдатаў і г.д. Больш за тое скажу, што менш увагі надаецца гэтым выбарам.

Паводле ацэнак у дзяржаўных СМІ, выбары — добра арганізаваныя, маюць спакойны характар і з’яўляюцца радаснай падзеяй для выбаршчыкаў. Цікава адзначыць, што меркаванні журналістаў ніколі не разыходзіліся з афіцыйнай пазіцыяй, якую ў тых жа медыя агучвалі прадстаўнікі беларускай улады. Гэта вынікае з маніторынгу Беларускаяй асацыяцыі журналістаў.

Беларускае Радыё Рацыя