Андрэй Бастунец: Ціхая інфармацыйная вайна даўно ўжо ідзе



Ціхая інфармацыйная вайна паміж Менскам і Масквой даўно ўжо ідзе. Так кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

І нядаўняя высылка карэспандэнта расейскага Першага канала з Беларусі – гэта толькі нязначны яе элемент. Наперадзе перадвыбарчы перыяд, а ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі разумеюць, які вялікі ўплыў расейская інфармацыя прастора мае на беларусаў. Ужо пачалося – перакідванне тэмамі ды абвінавачваннямі, – кажа Андрэй Бастунец.

– Тэма каронавірусу – гэта і ёсць нерв адносінаў з Масквой, бо мы бачым, што пазіцыя ўладаў Беларусі і Расеі адрозніваюцца. Пры гэтым беларускія ўлады як раз на гэта звяртаюць увагу, ціснуць і кажуць, што вось мы абралі адзіна правільную пазіцыю, што мы лепш за ўсіх захоўваем памяць аб Вялікай перамозе. Гэта пэўныя шпількі ў бок Крамля, якія звязаныя са шмат якімі палітычнымі і эканамічнымі праблемамі.

Расейскія інфармацыйныя каналы, найперш тэлебачанне, падчас электаральных кампаній ствараюць правакацыйныя матэрыялы пра Лукашэнку. Напрыклад, у 2010 годзе – гэта была серыя фільмаў на тэлеканале НТВ – «Хросны бацька», пяцісерыйны фільм-расследаванне, дзе вельмі жорстка крытыкавалі кіраўніка Беларусі. Паводле экспертаў, такія рэчы робяцца толькі з санкцыі Крамля.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота baj.by