Андрэй Дзмітрыеў: Беларускія ўлады не хочуць нічога змяняць



Лідар кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў пракаментаваў частковае скарачэнне Еўразвязам чорнага спісу для беларускіх чыноўнікаў.

Андрэй Дзмітрыеў

Як вядома, Савет ЕЗ рашэннем ад 31 ліпеня зняў санкцыі з 24 беларускіх чыноўнікаў.

Нагадаем, апошнім разам чорны спіс ЕЗ быў скарочаны 31 кастрычніка 2014 года – тады з яго выключылі 24 фізічныя асобы і сем кампаній. Цяпер у гэтым спісе застаюцца 177 беларускіх чыноўнікаў.

Андрэй Дзмітрыеў: Мне здаецца, што Еўразвяз зрабіў крок, які ў беларуска-еўрапейскіх стасунках прынцыпова нічога не зменіць. У палітыцы самае галоўнае – быць паслядоўным. Да беларускіх уладаў Еўропа прад’явіла раней, здаецца, вельмі простыя і канкрэтныя патрабаванні. Але ніводнае з іх не было выканана.

РР: Тым не менш, сёння ЕЗ ідзе на саступкі беларускім уладам…

Андрэй Дзмітрыеў: Ідзе, таму што ёсць яшчэ і ўкраінскі фактар, які сёння прымушае пераглядзець знешнюю палітыку ў адносінах да Беларусі і ЗША, і Еўропу. Але ж пры гэтым не трэба забывацца, з-за чаго, уласна кажучы, быў уведзены чорны спіс для чыноўнікаў. Таму што ў краіне за кратамі знаходзяцца палітзняволеныя, таму што ёсць ціск на журналістаў, на палітыкаў, на актывістаў… Сёння, калі беларускаму рэжыму вельмі неабходна заходняя фінансавая падтрымка, мне здаецца, што Захаду трэба было б быць больш прынцыповым. Можна было б дачакацца нейкіх прынцыповых крокаў з боку беларускай дзяржавы. Маю на ўвазе ў першую чаргу вызваленне палітвязняў. І ўжо тады можна было б скарачаць чорны спіс.

РР: Магчыма, зараз, калі Еўразвяз зрабіў шырокі жэст, будзе і рэакцыя ў адказ. Ваша меркаванне?

Андрэй Дзмітрыеў: Гэта ж ужо не першы шырокі жэст Еўропы. Да гэтага было скарачэнне спісу, але з боку беларускіх уладаў пры гэтым ніякіх дзеянняў не было. Улада праводзіць сваю палітыку – хоча нічога не змяняць, але пры гэтым выкарыстоўваць украінскую тэматыку і атрымліваць максімальную падтрымку ад Еўразвяза. Таму я б не стаў чакаць нейкіх прынцыповых крокаў улады.

РР: Можа быць, усё ж-такі варта чакаць выхаду палітвязняў на волю?

Андрэй Дзмітрыеў: Магчыма. Але мы ўжо былі сведкамі, калі сёння з турмаў некага выпускаюць, а заўтра за кратамі з’яўляюцца новыя палітвязні. І гэта працуе, як вечны рухавік.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя