Андрэй Дзмітрыеў мае намер балатавацца ў прэзідэнты



 Сустаршыня грамадскага аб’яднання „Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў заявіў пра намер вылучацца кандыдатам на пасаду прэзідэнта. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на старонцы аб’яднання ў „Фэйсбуку„.

„Я, Андрэй Дзмітрыеў, іду ў прэзідэнты, каб дзяржава чула людзей, а людзі не баяліся казаць тое, што думаюць, — адзначыў палітык. — Каб падчас крызісу, у які мы ўступілі, мы маглі разлічваць на канкрэтную дапамогу і чалавечае стаўленне да сябе. Нам патрэбная такая дзяржава, якая клапоціцца аб людзях і робіць як прафесіянал”.

„Я шмат разоў дапамагаў людзям, якія трапілі ў бяду. Умею дамагацца, каб дзяржава чула людзей. Цяпер у бядзе апынуліся ўсе. Два месяцы каманда „Гавары праўду”, як і тысячы беларусаў па ўсёй краіне, дапамагала людзям і ўрачам, робячы тое, што павінна была рабіць улада. Гэта абурае, але і дае мне надзею. Нашы людзі, беларусы, разумныя, дзейныя і спагадлівыя. Мы ведаем, як трэба, і ўмеем дзейнічаць разам”, — дадаў Дзмітрыеў.

Ад імя „Гавары праўду” ў паведамленні гаворыцца, што „ўлада хворая на сардэчную недастатковасць” і прадстаўнікі арганізацыі не хочуць „з гэтай бядой жыць яшчэ 5 гадоў”.

„Мы даўно вызначыліся, хто пойдзе кандыдатам у прэзідэнты ад „Гавары праўду”, але апошнія два месяцы важнейшай была наша дапамога медыкам у пашыве і збіранні сродкаў аховы, — адзначаюць прадстаўнікі аб’яднання. — „Хуткая дапамога” стала сімвалам не толькі самаадданай працы лекараў, але і знакам бяды: сёння — эпідэмія, заўтра — эканамічны крызіс, падзенне зарплат і чаканы рост беспрацоўя. А таксама сімвалам дзіўнай абыякавасці ўлады да таго, чым і як жывуць людзі. Яна пастаянна шукае вінаватых у сваіх памылках і перакладае адказнасць”.

На прэзідэнцкіх выбарах у 2015 годзе ад „Гавары праўду” — на той момант яшчэ юрыдычна не зарэгістраванай грамадзянскай кампаніі — балатавалася Таццяна Караткевіч, якая сёння з’яўляецца сустаршынёй арганізацыі.

Чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі адбудуцца 9 жніўня 2020 года.

belapan.by

Фота tut.by