Андрэй Дзмітрыеў: Мы за якасць, а не за колькасць
Лідар кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў распавядае пра тое, як іх каманда рыхтуецца да парламенцкіх выбараў.
22 снежня экс-кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч збіраецца правесці прэс-канферэнцыю, на якой будуць агучаны лічбы галасавання падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў паводле дадзеных незалежных сацыёлагаў. Тым часам, рыхтуецца “Гавары праўду” і да парламенцкіх выбараў.
Андрэй Дзмітрыеў: Зараз мы заканчваем фарміраваць парламенцкі спіс “ТаК! За мірныя перамены” – на сёння ў ім ужо каля 25 чалавек, але ёсць яшчэ шмат заявак. Праўда, мы адбіраем прэтэндэнтаў – глядзім на аўтабіяграфію і гэдак далей. Са студзеня пачынаем падрыхтоўчы этап па акругах, дзе хацелі б, каб балатаваліся нашы кандыдаты. Будзем вучыць кандыдатаў і іх каманды, праводзіць рознага кшталту мерапрыемствы, якія павысяць пазнавальнасць і аўтарытэт нашых прэтэндэнтаў у гэтых акругах. Для нас прынцыпова, каб кандыдаты ішлі шляхам збору подпісаў, каб яны працавалі з людзьмі. І, каб змагаліся да канца ды прысутнічалі ў бюлетэнях для галасавання.
РР: Колькі будзе ў выніковым спісе людзей, якія вырашаць прыняць удзел у парламецкіх выбарах? Ёсць нейкія абмежаванні па колькаснаму складу?
Андрэй Дзмітрыеў: Для нас галоўнае не колькасць, а якасць, і абмежаванні па якасці будуць. У студзені падвядзем папярэднія вынікі. Магу сказаць, што ў спісе 90 адсоткаў – новыя людзі, якія раней ніколі не балатаваліся, але далучыліся да нашай кампаніі. У траўні будзе падведзены яшчэ адзін вынік, там паглядзім, хто і як працаваў у сваёй акрузе. Калі чалавек нічога не рабіў, а проста вырашыў прыняць удзел у выбарчай кампаніі, то мы, безумоўна, будзем развітвацца з такімі. Для нас важная гатоўнасць рэальна працаваць з людзьмі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя