Андрэй Дзмітрыеў: Наўпроставай каардынацыі пакуль няма
Каля паўсотні гомельцаў паўдзельнічалі ў сустрэчы кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Дзмітрыева. Сустрэча праходзіла ў Цэнтры інклюзіўнай культуры, якая носіць сімвалічную назву ў мясцовых ДК “Глухіх”. Жыхары абласнога цэнтра дзяліліся з палітыкам сваім бачаннем бягучай сітуацыі, а таксама спрабавалі дазнацца ў яго, як абараніць свае галасы на выбарах.
Андрэй Дзмітрыеў распавёў пра магчымасць узаемадзеяння з аб’яднанымі вакол Святланы Ціханоўскай палітычнымі сіламі, а таксама пра варыянт зняцця кандыдатуры:
– Наўпроставай каардынацыі пакуль няма. Мы, мне падаецца, каардынуемся ў мэтах. Паглядзім, я думаю, што бліжэй да дня выбараў запыт на такую каардынацыю стане больш відавочным не толькі для нас, але і для астатніх штабоў. Я лічу, што калі я здыму кандыдатуру на карысць Ціханоўскай, яе здымуць на наступны дзень і мы абіраць будзем паміж Лукашэнкам і Канапацкай. Мой удзел, мае прамовы – гэта таксама хаця б нейкая бяспека, каб і Ціханоўская дайшла.
Андрэй Дзмітрыеў быў зарэгістраваны ЦВК у выніку праверкі пададзеных подпісаў, якіх было, паводле афіцыйнай інфармацыі, больш за 110 тысяч. У сваіх выступах ён акцэнтуе ўвагу на неабходнасці мірных пераменаў і тым, што ніводзін з кандыдатаў не мае падтрымку большасці.
Беларускае Радыё Рацыя