Андрэй Дзмітрыеў не збіраецца здымаць сваю кандыдатуру з выбараў прэзідэнта



Кандыдат у прэзідэнты Беларусі, сустаршыня грамадскага аб’яднання „Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў не збіраецца адмаўляцца ад далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Пра гэта ён заявіў 16 ліпеня ў Менску на сваёй першай у статусе кандыдата прэс-канферэнцыі.

У Дзмітрыева пацікавіліся, што ён думае з нагоды нядаўняга закліку да кандыдатаў зняцца з выбараў, з якім выступілі лідар Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” Сяргей Калякін і шэраг іншых палітыкаў.

„Яны ўжо колькі гадоў усё гэта кажуць, — сказаў Дзмітрыеў. — Я лічу, што ўсе, хто дапамагае сёння вертыкалі цішком перапрызначыць Лукашэнку прэзідэнтам, з’яўляюцца яе саўдзельнікамі на гэтых выбарах. І мне шкада, што Сяргей Калякін і Партыя БНФ, усё роўна з якіх прычын, да гэтага далучыліся”.

Паводле слоў Дзмітрыева, беларусы сёння ўсяляк паказваюць, што „ім патрэбная ўпэўненасць у тым, што іх не пакінуць адных”. Грамадзяне далі „вялікі аванс даверу ўсім, хто пачаў казаць пра змены”. „Я ўпэўнены, што калі мы збяром тысячы людзей у назіранне, мы зможам змяніць ход галасавання і дамагчыся, каб у Беларусі з’явіўся новы прэзідэнт”, — падкрэсліў кандыдат.

belapan.by