Андрэй Дзмітрыеў: Пасля сустрэчы ў мяне з’явілася больш пытанняў



Кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы ў Цэнтрвыбаркаме з сакратаром Рады бяспекі Андрэем Раўковым.

Нагадаем, што Раўкоў распавёў кандыдатам пра замежных баевікоў, якія быццам разбегліся па краіне, і зараз іх шукаюць, а значыцца будуць падвышаныя меры бяспекі на мітынгах.

Андрэй Дзмітрыеў: У мяне пасля гутаркі з Раўковым з’явілася больш пытанняў чым адказаў. Да нас вырашылі давесці, што краіне знаходзіцца ў небяспецы, але ніякай зразумелай інфармацыі мы не атрымалі. І самае галоўнае – не пачулі, якія рэальныя дзеянні прадпрымаюць улады і сілавыя структуры па супрацьдзеянні гэтым баевікам.

Напрыклад, навошта армію і спецназ зараз сцягваюць у Менск? Аадпраўляеце іх на расейскую мяжу, калі гэтыя баевікі расейскія, пра што было заяўлена. Чаму няма афіцыйнай заявы МЗС Беларусі, чаму не прад’яўлена нота пратэсту расейскаму МЗС? Чаму няма тэлефоннай размовы прэзідэнтаў Расеі і Беларусі, каб тэрмінова высвятліць усю сітуацыю? Асабіста я не атрымаў адказы на гэтыя пытанні.

РР: На ваш погляд, якую ўсё-такі мэту пераследавалі ўлады, арганізоўваючы сустрэчу кандыдатаў з сакратаром Рады бяспекі?

Андрэй Дзмітрыеў: Хацелі сказаць нам і людзям, якія нас падтрымліваюць, што мы знаходзімся ў небяспецы.

РР: Не здалося, што штучна раздзімаюць праблему?

Андрэй Дзмітрыеў: Са мной размаўляў не хлопчык-лейтэнант, а генерал, які з’яўляецца кіраўніком Рады бяспекі. Калі ж гэта маніпуляцыі, то ў краіне ўсё дрэнна. Калі ёсць рэальная небяспека, то патрэбны і рэальныя дзеянні, а не інфармаванне кандыдатаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота:БелаПАН