Андрэй Дзмітрыеў: Стасункі з Захадам дасягнулі мяжы



Адзін з лідараў “Гавары праўду” выказвае свае версіі таго, чаму беларускі кіраўнік не паедзе на саміт “Усходняга партнёрства”, які пройдзе ў Бруселі 24 лістапада.

Андрэй Дзмітрыеў: Думаю, цяпер у перамовах з рознымі заходнімі інстытутамі мы дасягнулі мяжы, і на гэты момант у беларускіх уладаў, відаць, няма рашэння, што рабіць далей. А ехаць у Брусель – гэта азначае браць на сябе нейкія абавязальніцтвы. Акрамя таго, на мой погляд, беларускі кіраўнік усё-такі падчас візіта ў Еўропу хацеў бы сустрэцца на больш высокім узроўні.

РР: Некаторыя аналітыкі выказваюць меркаванне, што, маўляў, Крэмль не даў дазвол на такую паездку.

Андрэй Дзмітрыеў: Я так не лічу. Можна ўлічваць пазіцыю Масквы, як нейкі фактар негатыўных наступстваў, але гэта не галоўнае. Хачу нагадаць, што ва “Усходнім партнёрстве” прымае ўдзел Арменія, якая ў разы больш прарасейская краіна, чым Беларусь. Таму расейскі фактар паўплываў на канчатковае рашэнне мінімальна. Куды большы ўплыў аказаў фактар унутраных рэформ, на якія гатовы сёння ўлады. А дакладней – не гатовы.

РР: Гэта перашкаджае рухацца ў еўрапейскім кірунку далей?

Андрэй Дзмітрыеў: Дасягнута мяжа магчымага, што здольная прадэманстраваць улада. Калі мы кажам пра эканоміку, то ёсць дакладныя патрабаванні таго ж Міжнароднага валютнага фонда па рэфармаванні. Калі кажам пра палітычную ці грамадзянскую сферу, то таксама ведаем пра прапановы – ад адмены смяротнага пакарання да пытанняў свабоды працоўных і палітычнай канкурэнцыі. І вось на гэтыя пытанні і прапановы беларускія ўлады адказаў пакуль не збіраюцца даваць. Таму, напэўна, і беларускі кіраўнік не бачыць сэнсу ў паездцы ў Брусель. Хаця для Беларусі было б карысна, каб краіна была прадстаўлена на еўрапейскім саміце на самым высокім узроўні. З’явілася б больш магчымасцей для грамадства і адразу падвысіла б узровень кантактаў з Еўропай.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя