Андрэй Дзмітрыеў: Усё пайшло па іншым сцэнары…



Адзін з лідараў “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў выказаўся пра паветраную блакаду Беларусі.

Андрэй Дзмітрыеў: Ад таго, што паветраная прастора закрыта, безумоўна, церпяць беларусы і гэта не вельмі добра. Гэта нават не пра адпачынак, а пра тое, наколькі хутка краіна трапляе ў міжнародную ізаляцыю. І ў гэтым накірунку мы ідзём упэўненым крокам. Мне, як чалавеку, які знаходзіцца ўнутры краіны, гэта, натуральна, не падабаецца.

Але я шмат размаўляў, і з еўрапейскімі дыпламатамі, і з палітыкамі, і зразумеў, што менавіта пасадка ў Менску самалёта, які ляцеў з Афінаў у Вільню (а гэта было рашэнне ўладаў Беларусі), перавяла размовы з плоскасці “пра беларусаў” у плоскасць “пра еўрапейскіх грамадзян”.

Таму тыя меры, што Захад прыняў зараз і плануе прымаць дадаткова, накіраваны ўжо не на беларускае грамадства, а на абарону еўрапейскага. Паглядзіце, якая рэвалюцыя ў Еўразвязе адбылася літаральна за два тыдні. Раней там казалі, што санкцыі не павінны шкодзіць беларусам. Пасля пасадкі самалёта: спачуваем, што санкцыі непазбежна закрануць беларусаў.

РР: Гэтай сітуацыі можна было пазбегнуць?

Андрэй Дзмітрыеў: Я лічу, што ў гэтым выпадку ўлады моцна пралічыліся. Напэўна, думалі, што Еўразвяз абмяжуецца чарговай заявай і занепакоенасцю. Або дадасць у “чорны спіс” якіх-небудзь двух чыноўнікаў.

Але пайшло зусім па іншым сцэнары, і рэакцыя Захаду была зусім іншай. Таму сустрэча міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з некаторымі заходнімі дыпламатамі – гэта, напэўна, была спроба крыху знізіць абароты. Мне хацелася б у гэта верыць. Калі гэта не так, значыцца ўлады не зусім адэкватна разумеюць сёння пазіцыю Захаду.

Не будзе паўтарэння 2010-2011 гадоў, калі пасля рэзкага пагаршэння стасункаў з Захадам ізноў пачаўся дыялог. Цяпер усё будзе інакш. І, на жаль, гэта не прынясе нічога добрага для беларусаў.

РР: Не стане падтрымкі з Захаду – будзе падтрымка з Усхода…

Андрэй Дзмітрыеў: Масква ўжо выказалася пра тое, якая дапамога будзе для Беларусі – забеспячэнне бяспекі іншых тэрыторый. Так, Расея можа падтрымаць штыком, паставіць у Беларусі свае ваенныя базы. Можа падтрымліваць тут сваю эканоміку.

Хочаце пабудаваць другую АЭС? Калі ласка, дапаможам. Але будаваць будзе расейская кампанія з расейскімі тэхналогіямі. 

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя