Андрэй Дзмітрыеў: Варыянт афіцыйнай рэгістрацыі для нас – не адзіны
Кіраўнік “Гавары праўду” і кандыдат у прэзідэнты 2020 года Андрэй Дзмітрыеў распавёў, як ідзе працэс стварэння “Нашай партыі”.
Нагадаем, што Дзмітрыеў заявіў пра стварэнне партыі яшчэ напачатку гэтага году.
Андрэй Дзмітрыеў: Днямі мы запусцілі сайт, дзе можна папярэдне зарэгістравацца на з’езд партыі. На сёняшні дзень ужо распрацаваны Статут партыі і зараз заканчваем распрацоўку праграмы ў вызначэнні нашых мэтаў.
Хачу нагадаць, што ў нашай партыі – гэта асаблівы працэс, бо раз на тыдзень мы на анлайн-платформе абмяркоўваем ўсе праблемы. Кожны можа далучыцца і на роўных выказвацца. А пакуль будзем знаёміць людзей з нашай праграмай, з тым, што напрацавана на гэты час.
Як толькі зарэгіструюцца 2 тысячы чалавек, назавём дату з’езда. Трэба быць упэўненым, што мерапрыемства пройдзе па ўсіх правілах. Па папярэдніх прагнозах, заснавальніцкі з’езд партыі можа прайсці напрыканцы траўня ці пачатку чэрвеня.
РР: Палата прадстаўнікоў можа прыняць папраўкі ў закон “Аб палітычных партыях”. Якія тут чаканні?
Андрэй Дзмітрыеў: У новым законе могуць прапісаць большую колькасць сябраў партыі для рэгістрацыі структуры. Некаторыя палітолагі наогул прагназуюць зачыстку палітычнага поля, і я згодны, што ўлады робяць усё магчымае, каб грамадства як мага менш удзельнічала ў палітыцы. Таму апошнія рашэнні накіраваны на тое, каб людзі самавыключыліся з грамадскага жыцця.
Задачы ўлады нам зразумелы, але наша задача зусім адваротная. Я лічу, што грамадства павінна быць задзейнічана ў палітыцы. Там павінны быць і тыя, хто выступае за Лукашэнку, і тыя, хто супраць яго. Толькі ў такім выпадку мы зможам будаваць Беларусь, у якой людзям будзе прыемна жыць, працаваць і ганарыцца краінай. Іншых варыянтаў я не бачу, хаця, натуральна, што кожны ідзе сваім шляхам.
РР: Які ў вас прадчуванні: зарэгіструюць або не?
Андрэй Дзмітрыеў: Пабачым, што будзе адбывацца ў краіне на момант нашай рэгістрацыі. Рашэнні могуць быць розныя, але хачу сказаць, што для нас варыянт афіцыйнай рэгістрацыі – не адзіны.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя