Андрэй Дзмітрыеў: Затрыманне Ціханоўскага – правакацыя
Адзін з кандадатаў у прэзідэнцкай гонцы 2020 ў Беларусі, сустаршыня грамадскай арганізацыі „Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў правёў у Гародні акцыю па зборы подпісаў.
Падчас гэтай акцыі палітык выказаўся наконт затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага:
– Я лічу, што гэта безумоўна правакацыя, лічу, што гэта проста непрымальныя паводзіны з боку ўладаў. Чалавек збірае людзей, каб размаўляць пра будучыню Беларусі. Нязгодны па шмат якіх пытаннях з ім, але я лічу, што тое, што адбываецца, калі ўлада такім чынам умешваецца ў выбарчы працэс, такім чынам не дае людзям гаварыць праўду – гэту супраць нашых каштоўнасцяў, каштоўнасцяў нашай арганізацыі.
Андрэй Дзмітрыеў спадзяецца, што яго праца ў гэтай кампаніі – гэта праца на будучыню. Усё не скончыцца 9 жніўня 2020 года:
– Будзе 10, пра гэта вельмі важна памятаць, што 9 – гэта не апошні дзень. Мы павінны разумець, якім мы хочам бачыць 10 жніўня, 11 і далей. Для мяне галоўнае, каб людзі, якія зараз прыйшлі падтрымліваць розных кандыдатаў, каб усе яны засталіся ў палітыцы. Трэба, каб яны зразумелі, што не адзін раз на 5 год трэба прыйсці, а трэба падтрымліваць, тады мы пабачым сапраўды хуткія змены.
Пікет па зборы подпісаў за Андрэя Дзмітрыева ў цэнтры Гародні прастаяў некалькі гадзін. За яго падпісаліся не толькі простыя гарадзенцы, але і прадстаўнікі групы Валерыя Цапкалы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча