Андрэй Дзмітрыеў: Збор подпісаў будзем праводзіць інавацыйным шляхам



Адзін з лідараў “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў, які ідзе на прэзідэнцкія выбары, распавёў пра кампанію, якую збіраецца праводзіць.

Андрэй Дзмітрыеў: 15 траўня пададзім заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, а зараз рыхтуемся да збору подпісаў. Мяркуем, што група будзе прыкладна 1500-2000 чалавек.

Дарэчы, гэтым разам збор подпісаў будзем праводзіць з улікам сітуацыі з каронавірусам, а таму хочам задзейнічаць абсалютна інавацыйны спосаб. Збіраць подпісы паспрабуем праз рэгіянальныя кол-цэнтры.

За апошнія пяць гадоў мы напрацавалі вельмі вялікую базу прыхільнікаў (гэта дзясяткі тысяч чалавек) і выпрацавалі алгарытм, які павінен нам дазволіць мінімізаваць асабісты кантакт.

РР: Не так даўно вы адпраўлялі ў Цэнтрвыбаркам зварот, які тычыўся будучых выбараў і сітуацыі з каронавірусам…

Андрэй Дзмітрыеў: Я прасіў, каб з фінансаў, якія вызначаны на правядзенне выбараў, былі вызначаны таксама грошы для бяспекі тых, хто збірае подпісы. Я лічу, што гэта няправільна, калі гэтыя выдаткі будуць ускладацца на фонды кандыдатаў. Па-першае, таму, што фонды ва ўсіх розныя, а таму атрымаецца, што зборшчыкі продпісаў будуць знаходзіцца ў розных умовах.

Па-другое, людзі ахвяруюць грошы ў фонды, каб яны ішлі на раскрутку кандыдата, а не для таго, каб мінімізаваць безадказнае рашэнне ўладаў праводзіць выбары ў такі час.

Таму, калі Цэнтрвыбаркам прызначыў выбары на 9 жніўня, то няхай забяспечвае людзей сродкамі індывідуальнай абароны – маскамі, пальчаткамі і гэдак далей. Альбо пералічыць пэўную суму ў фонд кандыдата, а мы затым самі ўсё купім.

На жаль, Цэнтрвыбаркам схаваў галаву ў пясок нібыта страус. У адказе на гэтую прапанову сказана, што, маўляў, ніякіх дадатковых грошай на дзейнасць ініцыятыўных груп не прадугледжана, а індывідуальныя сродкі абароны кандыдаты павінны купляць за ўласныя сродкі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя