Андрэй Фёдараў: Без узаемнасці любові не будзе
Палітолаг Андрэй Фёдараў робіць прагноз на тое, чаго варта чакаць у беларуска-еўрапейскіх стасунках.
Андрэй Фёдараў: Сёння можна рабіць прагнозы толькі са спасылкай на тое, што тыя ці іншыя ўмовы будуць выконвацца. Таму, калі не адбудзецца нейкіх экстраардынарных падзей у плане парушэнняў правоў чалавека беларускімі уладамі, сітуацыя можа вельмі паступова, але рухацца ў бок нармалізацыі. Але не варта казаць, што адбудзецца рэальнае збліжэнне. Вельмі розныя каштоўнасці і погляды ў бакоў. Можа мець месца, як кажуць, “халодны мір”.
РР: Зараз улады больш-менш лаяльна ставяцца да грамадзянскай супольнасці, не ідуць на жорсткія рэпрэсіі… Ці захаваецца такая сітуацыя?
Андрэй Фёдараў: А гэта ўжо хутчэй унутраная палітыка. Афіцыйны Менск сам будзе вырашаць, ці прадстаўляюць тыя ці іншыя акцыі для яго пагрозу.
РР: Што беларускія ўлады сёння ў першую чаргу чакаюць ад Еўропы?
Андрэй Фёдараў: Па-першае, канчатковай адмены усіх санкцый, бо да гэтага часу захоўваюцца пэўныя абмежаванні. Па-другое, Менску неабходны заходнія крэдыты і тэхналогіі. У асноўным справа тычыцца нейкіх матэрыяльных дывідэндаў. Але тут і беларускія ўлады павінны зрабіць некаторыя крокі. Навучаныя папярэднім вопытам, Захад проста так ужо нічога не дасць. Без узаемнасці любові не будзе.
Кастусь Заблоцкі, Беларуске Радыё Рацыя