Андрэй Фёдараў: Дачыненні паміж Беларуссю і ЕЗ дайшлі да мяжы паляпшэння



Адноснае паляпшэнне дачыненняў Беларусі з Еўразвязам не прывяло да кардынальных зменаў у двухбаковым узаемадзеянні. Такое меркаванне выказаў 11 лістапада ў Магілёве палітолаг-міжнароднік Андрэй Фёдараў.

11 лістапада ў магілёўскім грамадскім цэнтры „Кола” ў межах праекта „Еўрашкола” рухам „За Свабоду” была арганізаваная сустрэча з Андрэем Фёдаравым і эканамістам Сяргеем Чалым. У ёй узялі ўдзел прыблізна 20 магілёўцаў.

Новы этап у стасунках ЕЗ і Беларусі пачаўся пасля расейскай агрэсіі супраць Украіны, лічыць Фёдараў. На яго думку, менавіта тады беларускія ўлады пачалі аслабляць прэсінг у дачыненні да ўнутраных палітычных апанентаў і падаваць сігналы на Захад пра жаданне палепшыць дачыненні.

Нягледзячы на тое, што Беларусь да сёння не мае афіцыйнага дакумента пра супрацу з Еўразвязам, еўрапейскія палітыкі ў новых умовах зрабілі крокі насустрач афіцыйнаму Менску, лічыць палітолаг. У прыватнасці, былі знятыя персанальныя санкцыі з прадстаўнікоў беларускіх уладаў, пачаўся дыялог, сышла ў цень тэма парушэнняў правоў чалавека. Разам з тым паляпшэнне адносін ідзе вельмі павольна, і ўсё з-за адсутнасці зменаў ва ўнутранай палітыцы Беларусі, канстатаваў Фёдараў.

„Істотных зрухаў няма ні ў эканамічным, ні ў культурным, ні ў палітычным супрацоўніцтве. Развіцця дагаворнай базы таксама не адбываецца. Беларусь просіць, каб заключыць гэтае пагадненне аб партнёрскіх адносінах, але Еўразвяз вельмі холадна ставіцца да гэтай ідэі. У мяне такое ўражанне, што мы знаходзімся зараз на магчымай мяжы паляпшэнняў. Пры сённяшнім кіраўніцтве ніякіх істотных зрухаў ўжо не будзе, а да канфрантацыі можам вярнуцца імгненна, калі беларускія ўлады палічаць, што тут нейкія падзеі могуць ім пагражаць, і прымуць адпаведна жорсткія меры”, — заявіў Фёдараў.

Пры гэтым нават такое адноснае паляпшэнне стала прычынай змяншэння фінансавання з боку ЕЗ праектаў незалежных грамадскіх аб’яднанняў, адзначыў эксперт. Затое павялічыліся кантакты з так званымі гонга — створанымі дзяржавай фармальна незалежнымі арганізацыямі, якія атрымліваюць ўсё больш фінансавай дапамогі. „У Еўропе паставілі пад сумнеў, што дэмакратычныя змены дазваляюць вырашыць праблему стабільнасці і бяспекі, што ў іх стала цяпер галоўным. Эканамічная і палітычная супраца зараз ставіцца вышэй за дэмакратыю”, — канстатаваў палітолаг.

Апошнім часам у Беларусі знізілася колькасць прыхільнікаў еўрапейскага шляху развіцця. Цяпер іх не больш за 20% насельніцтва, сказаў Фёдараў, адзначыўшы, што раней гэтая доля даходзіла амаль да 50%.

На думку эканаміста Сяргея Чалага, зніжэнне колькасці прыхільнікаў ЕЗ у Беларусі сведчыць пра тэндэнцыю павелічэння колькасці людзей, якія рупяцца найперш пра самастойнасць сваёй краіны.

БелаПАН