Андрэй Фёдараў: Каб падняць свой рэйтынг, Пуцін можа напасці на Беларусь
Такую выснову зрабіў палітычны эксперт Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Фёдараў, які ўпэўнены, што знешнія і ўнутраныя перадумовы ўсё болей указваюць на такое магчымае развіццё падзей.
Андрэй Фёдараў сцвярджае, што пагаршэнне эканамічнага становішча і ўпадак узроўню жыцця ў Расеі прывядзе да ўпадку рэйтынгу расейскага прэзідэнта.
„У такім выпадку адзінае, што можа яго павысіць, гэта маленькая пераможная вайна”, – лічыць эксперт.
– Зыходзячы з таго, што сённяшнія беларускія ўлады дваццаць гадоў праводзілі палітыку, якая прывяла да прарасейскага менталітэту значнай часткі насельніцтва, найменшае супраціўленне Расея можа сустрэць менавіта ў Беларусі. Расеі таксама не патрэбна шмат ахвяраў, яны могуць вырашыць, што ў Беларусі іх будзе найменей. Захад Беларусь абараняць не будзе, ён Украіну не вельмі абараняе. Пуціну губляць няма чаго, бо імідж яго на Захадзе цалкам згублены.
Андрэй Фёдараў сцвярджае, што беларускія ўлады не вельмі задаволены, што Расея спрабуе стварыць у Беларусі свой чарговы плацдарм для магчымага наступу на Польшчу і краіны Балтыі, але з-за поўнай эканамічнай залежнасці, яны не могуць супраціўляцца таму, што адбываецца.
Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя