Андрэй Фёдараў: Падзеі ў Нагорным Карабаху крыху адцягнулі ўвагу ад праблем у Беларусі
Палітолаг Андрэй Фёдараў аналізуе, якім чынам падзеі ў Нагорным Карабаху могуць адбіцца на Беларусі.
Як вядома, Арменія і Азербайджан пры ўдзеле Расеі пагадзіліся спыніць вайну ў Нагорным Карабаху. Умовы такія – Арменія аддае сем раёнаў, а ў Карабах на месца армянскай арміі прыйдуць расейскія вайскоўцы, якія павінны гарантаваць выкананне пагаднення.
Андрэй Фёдараў: Для беларускага рэжыму гэты канфлікт важны ў тым плане, што ён адцягвае ўвагу міжнароднай грамадскасці ад беларускіх падзей, хаця пасля 9 жніўня ва ўсіх быў вялізная цікаўнасць да Беларусі.
Арменія і Азербайджан – гэта таксама краіны з постсавецкай прасторы, там гінула шмат ваенных і мірнага насельніцтва, таму, натуральна, інтарэс да гэтага рэгіёна таксама вялікі. А зараз ён набывае новы рэзананс пасля вырашэння канфлікту.
РР: Ці азначае гэта, што рэпрэсіі ў Беларусі адышлі на другі план?
Андрэй Фёдараў: Безумоўна, не азначае, але ўвага крыху адцягнутая, што дае магчымасць беларускаму рэжыму, як кажуць, перадыхнуць і аглядзецца.
Што датычыцца афіцыйнага Менска, то яго сёння канфлікт у Нагорным Карабаху, відаць, не вельмі цікавіць. У краіне сваіх праблем хапае, а таму ніякіх гучных афіцыйных заяў з гэтай нагоды няма. Тым больш, што ў гэтым канфлікце Беларусь спрабуе заняць нейтральную пазіцыю. Разам з Арменіяй наша краіна знаходзіцца ў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы, а з Азербайджанам добрыя эканамічныя стасункі.
РР: Была інфармацыі, што добрыя не толькі эканамічныя стасункі, але і ваенныя…
Андрэй Фёдараў: Здаецца, і Масква зброю прадавала Азербайджану, хаця таксама ў Дамове з Арменіяй. Як кажуць, сяброўства сяброўствам, а грошы таксама патрэбны.
Гэта дастаткова цынічная пазіцыя, але яе можна патлумачыць. Калі патрэбны сродкі, то не заўсёды глядзяць, наколькі гэта адпавядае іншым абавязальніцтвам.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя