Андрэй Фёдараў: Ціск Крамля працягнецца



Палітолаг Андрэй Фёдараў прагназуе, якім чынам будуць складвацца беларуска-расейскія стасункі пасля таго, як у Расеі вырашылі абнуліць тэрміны прэзідэнцтва Уладзіміра Пуціна.

Андрэй Фёдараў: Думаю, нечага радыкальна новага ў стасунках паміж Расеяй і Беларуссю ў бліжэйшы час не даводзіцца чакаць, бо тая вастрыня праблемы, з якой успрымалася ў Расеі пытанне працягу прэзідэнцтва Уладзімір Пуціна, як быццам знята з павесткі дня.

РР: А што датычыцца планаў Масквы на паглыбленую інтэграцыю з Беларуссю?

Андрэй Фёдараў: На мой погляд, у гэтым накірунку ціск будзе патрохі ўзмацняцца, бо імперскія настроі ў Крамлі нікуды не зніклі, незалежна ад далейшага лёса Пуціна. У Масквы застаюцца ранейшыя планы па адраджэнні імперыі і, па меры магчымасцей, яны будуць іх рэалізоўваць.

Не ведаю, наколькі будзе жорсткі ціск, але ён будзе, хаця не выключана, што зараз трансфармуецца ў больш спакойнае рэчышча. Але, паўтаруся, ціск застанецца. Тым больш, зараз у Расеі складанае эканамічнае становішча, і скарачэнне фінансавай дапамогі Беларусі можна патлумачыць не імперскімі амбіцыямі, а эканамічнай мэтазгоднасцю.

Таму ўсё гэта застанецца, хаця, можа быць, градус напружанасці некалькі знізіцца.

РР: На ваш погляд, як афіцыйны Менск успрыняў навіну пра абнуленне прэзідэнцкіх тэрмінаў Пуціна?

Андрэй Фёдараў: Ва ўсялякім разе, гэта не самы горшы варыянт для беларускай улады, бо, відаць, і так не было сумненняў, што Пуцін не пакіне прэзідэнцкую пасаду. А зараз хаця б на першыя часы здымаецца пагроза інкарпарацыі Беларусі.

Можна меркаваць, што беларускія ўлады баяліся такога варыянта. Зараз гэта як быццам адкладзена “на потым”. Хаця ў той жа час усе разумеюць, што ранейшага фінансавання Беларусі Расеяй не будзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Reuters