Андрэй Фёдараў: Ціск з боку Крамля будзе працягвацца



Палітолаг Андрэй Фёдараў распавядае, ці зменіць візіт у Менск Дзяржсакратара ЗША расейска-беларускія стасункі.

Не так даўно беларускі кіраўнік сустракаўся ў Менску з Дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампеа, а ўжо 7 лютага плануе сустрэчу з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, бо “надышоў момант ісціны”.

Андрэй Фёдараў: Беларускія ўлады зараз знаходзяцца ў такім становішчы, што ім трэба праводзіць даволі гнуткую палітыку. З аднаго боку яны разумеюць, што нельга хуткімі тэмпамі і рашуча пераарыентаваць сваю знешнюю палітыку, але ў той жа час спрабуюць паказаць Маскве, што ў прынцыпе такі варыянт магчымы.

Але ёсць і іншы аспект. Як мне падаецца, афіцыйны Менск баіцца той самай глыбокай інтэграцыі, якую прапаноўвае Крэмль, і спрабуе знайсці нейкую падтрымку на Захадзе. Таму сітуацыя складаная і прадказць, як будуць разгортвацца падзеі далей немагчыма.

Масква зараз разумее, што Беларусь у бліжэйшы час кардынальным чынам не зменіць сваю знешнюю палітыку, але можа скарыстацца момантам, каб узмацніць ціск. Такі варыянт таксама не выключаны.

РР: Некаторыя мяркуюць, што сустрэчы на вышэйшым узроўні з заходнімі палітыкамі – гэта своеасаблівы элемент шантажа Крамля ў гандлі за кошты на газ і нафту. Ці можа гэта спрацаваць?

Андрэй Фёдараў: Мы ж не ведаем, наколькі далёка расейскае кіраўніцтва пойдзе са сваёй “паглыбленай інтэграцыяй” і, магчыма, у выніку з інкарпарацыяй. Калі сур’ёзна, то ніякіх зніжак на энерганосьбіты не будзе. І ёсць падазрэнні, што Масква ставіцца да такіх планаў вельмі сур’ёзна. Можа быць, сімвалічныя саступкі па коштах на нафту і газ будуць, але не больш за тое.

РР: У Расеі у хуткім часе зменяць Канстытуцыю, адбудзецца пераразмеркаванне ўлады. Можа быць, гэта зменіць планы Масквы ў дачыненні да Беларусі?

Андрэй Фёдараў: Думаю, што радыкальным чынам не зменіць. Магчыма, стары план – працяг уладарання Пуціна за кошт інтэграцыі з Беларуссю і стварэнне новай дзяржавы – ужо адыйшоў на задні план, але глабальныя планы расейскага кіраўніцтва не змяніліся. Таму ціск з боку Крамля будзе працягвацца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя