Андрэй Фёдараў: Вялікага прарыву на егіпецкім накірунку не бачу



Палітолаг Андрэй Фёдараў пракаментаваў вынікі візіта ў Менск прэзідэнта Егіпта Абдэля Фатахама ас-Сісі.

Падчас візіта была падпісана дарожная мапа развіцця супрацоўніцтва на 2019-2020 гады. Нагадаем, што зараз гадавы тавараабарот паміж двумя краінамі складае каля 100 мільёнаў даляраў.

Андрэй Фёдараў: Я б не сказаў, што беларуска-егіпецкае супрацоўніцтва дае вельмі вялікі эканамічны плён. Тавараабарот у 100 мільёнаў даляраў – гэта зусім не сур’ёзна.

Што датычыцца палітычных стасункаў, то мы ведаем, што Егіпет у ААН паказвае салідарнасць з Беларуссю па ўсіх пытаннях і не падымае тэму правоў чалавека. Але ў той жа час мы добра ведаем і эфектыўнасць рашэнняў Асамблеі ААН, бо іх практычна ніхто не выконвае, калі не лічыць патрэбным. Таму не бачу ніякіх вялікага прарыву і перспектыў ў супрацоўніцтве з Егіптам.

РР: Адным словам, адбыўся шэраговы візіт лідара адной з краін?

Андрэй Фёдараў: Для Беларусі любы візіт не шэраговы. У 2017 годзе Лукашэнка наведаў Егіпет, а да гэтага часу кантактаў на высокім узроўні з егіпецкім кіраўніцтвам практычна не было. Зараз – візіт у адказ, і для піяра беларускай ўладзе гэта ў любым выпадку добра. Трэба ж прадэманстраваць электарату, што ўлада не знаходзіцца ў знешняй ізаляцыі. Маўляў, ідзе развіццё стасункаў па ўсіх азімутах.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя