Андрэй Фёдараў: Вялікіх “пернікаў” не будзе
Палітолаг Андрэй Фёдараў распавядае пра ўдзел Беларусі ў праекце “Усходняе партнёрства”.
Як вядома, беларускага кіраўніка ўпершыню афіцыйна запрасілі на саміт ініцыятывы Еўразвяза “Усходняе партнёрства”, які пройдзе 24 лістапада ў Бруселі.
Андрэй Фёдараў: Напэўна, пакуль ніхто не можа дакладна сказаць, ці паедзе беларускі кіраўнік у Брусель. У гэтай сітуацыі для ўладаў ёсць свае і “за”, і “супраць”. Ужо з’явілася інфармацыя, што на саміце для Беларусі падрыхтавана нейкая адмысловая праграма і думаю, што Аляксандр Лукашэнка ўжо ведае змест той самай праграмы. Гэта працуе на тое, каб беларуская дэлегацыя на саміце была прадстаўлена на самым высокім узроўні. Але ў той жа час у Бруселі беларускаму кіраўніку, магчыма, прыйдзецца адказваць не на самыя прыемныя пытанні. Напрыклад, пра сітуацыю з правамі чалавека ў краіне. Да таго ж, Масква таксама можа досыць негатыўна ацаніць такі візіт. Мяркую, зараз афіцыйны Менск у ваганнях, пабачым, што ён выбера.
РР: Якія бонусы краіна можа атрымаць ад гэтага праекта?
Андрэй Фёдараў: Вялікіх “пернікаў” не будзе. І тут справа нават не ва ўнутрыпалітычнай сітуацыі, а ў беларускай заканадаўчай базе, якую “круцяць” ва ўсе бакі. Вельмі шмат было валявых рашэнняў, у інвестараў няма ўпэўненасці, што нават падпісаныя пагадненні на сто адсоткаў будуць выконвацца. Ды і беларускія ўлады не асабліва ідуць на рэфармаванне эканомікі, і мы ведаем, што пакуль няма вялікага прагрэсу ў перамовах з Міжнародным валютным фондам менавіта з-за гэтага. Улады нават адмаўляюцца ад танных крэдытаў, каб не выконваць патрабаванні МВФ. Таму ў любым выпадку “Усходняе партнёрства” не стане для Беларусі панацэяй. Вельмі цесна мы з Захадам адназначна не будзем збліжацца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя