Андрэй Фёдараў: Зяленскі для афіцыйнага Менска – цёмны конік
Палітолаг Андрэй Фёдараў распавядае пра тое, чаму беларускія ўлады з асцярогай ставяцца да таго, што прэзідэнтам Украіны можа стаць акцёр Уладзімір Зяленскі.
Нагадаем, другі тур прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне пройдзе 21 красавіка. У ім за крэсла кіраўніка дзяржавы будуць змагацца акцёр Уладзімір Зяленскі і дзеючы кіраўнік краіны Пётр Парашэнка.
Андрэй Фёдараў: Інтарэс да таго, хто стане прэзідэнтам ва Украіне, у беларускіх уладаў, безумоўна, вельмі вялікі, бо ўсё-такі гэта наша краіна-суседка, з якой у нас цесныя сувязі. У першую чаргу – эканамічныя.
Беларускі кіраўнік таксама неаднаразова выказваў на гэты конт, аддаючу перамогу Парашэнку, хаця на сёння расклад і не на яго карысць.
РР: Кандыдатура Пятра Парашэнкі больш задавальняе афіцыйны Менск?
Андрэй Фёдараў: Так, бо паміж кіраўнікамі Беларусі і Украіны ўжо склалаіся пэўныя асабістыя стасункі. Парашэнка – прадказальны. А вось якім чынам будзе дзейнічаць Уладзімір Зяленскі ў выпадку перамогі, пакуль дакладна невядома. Зяленскі для афіцыйнага Менска – цёмны конік, таму і ставяцца да яго з асцярогай. Непрадказальнасць заўсёды напружвае.
РР: Калі Зяленскі пераможа, нешта зменіцца ў стасунках паміж Украінай і Беларуссю?
Андрэй Фёдараў: На стасункі будзе ўплываць яшчэ і трэці фактар – Расея, бо невядома таксама, у якім накірунку ў выпадку перамогі Зяленскага пойдзе развіццё расейска-украінскіх адносін. Калі яны пачнуць паляпшацца, то Масква пачне заахвочваць у фінансавым плане Украіну. І ў такім выпадку гэта можа адбыцца за кошт змяншэння патрымкі Беларусі.
РР: На ваш погляд: пераможа Зяленскі?
Андрэй Фёдараў: Ва Украіне сацыялогія працуе даволі дакладна, і яна паказвае, што Зяленскі – адназначны лідар прэзідэнцкай гонкі. Мне падаецца, што ў Парашэнкі шанцаў практычна няма.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя