Андрэй Каменшчыкаў: Выбары ў Беларусі – рэальны шанец на перамены або менскі варыянт «балотнага пратэсту»?



Андрэй Каменшчыкаў – сацыёлаг, больш за 28 гадоў займаецца грамадзянскай міратворчай і гуманітарнай дзейнасцю ў розных рэгіёнах пост-савецкай прасторы. З 2001 года ўзначальваў шэраг міжнародных аб’яднанняў міратворчых арганізацый. Удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні міжнародных грамадзянскіх місій па вывучэнні сітуацыі і выпрацоўцы рэкамендацый па зніжэнні напружанасці ў канфліктных рэгіёнах.

– Як Вы ацэньваеце перадвыбарчую сітуацыю ў Беларусі? 

– Цяпер, калі першапачатковая перадвыбарчая інтрыга ў Беларусі набліжаецца да канца, і вызначыліся афіцыйныя ўдзельнікі гонкі за прэзідэнцкае крэсла, сярод пэўнай часткі насельніцтва, як у Беларусі, так і за яе межамі, прыкметныя высокія чаканні, звязаныя з палітычнай дынамікай ў краіне. Вялізарныя чэргі ў падтрымку незалежных кандыдатаў, шматлікія акцыі пратэсту ў самых розных рэгіёнах і гарадах краіны, заўважная нервознасць ўлады, якая імкнулася не дапусціць да ўдзелу ў выбарах ключавых незалежных кандыдатаў – усё гэта прыводзіць да чаканняў хуткіх палітычных зменаў у краіне. Важным крокам стала кансалідацыя ключавых апазіцыйных кандыдатаў і дамоўленасць аб падтрымцы кандыдатуры Святланы Ціханоўскай, якая стала адзіным рэальна апазіцыйным кандыдатам, дапушчаным уладамі да ўдзелу ў выбарах. Тым не менш, па маіх уяўленнях, верагоднасць перамогі уладаў у цяперашнім туры палітычнага супрацьстаяння складае не менш за 70%.

– Чаму? Цяпер у грамадстве назіраецца палітычны ўздым. Людзі ў Беларусі толькі і гавораць, што пра выбары. І шмат хто лічыць, што час Лукашэнкі скончыўся, што трываць яшчэ пяць гадоў плюс да 26, якія Лукашэнка ўжо кіруе, – гэта немагчыма.

– Справа тут не толькі ў моцы выбудаванай Лукашэнкам сістэмы аўтарытарнага кіравання з упорам на сілавыя структуры, але і ў шэрагу верагодных пралікаў апазіцыі (цалкам натуральных, з улікам умоў, у якіх яна дзейнічае), а менавіта: 

1) Ілюзія 3%. Адсутнасць у краіне адкрытых сацыялагічных дадзеных пра папулярнасць таго ці іншага палітыка (і забарона на правядзенне падобных даследаванняў) пакідае шырокае поле для спекуляцый. Часцей за ўсё гэтыя спекуляцыі адбываюцца з боку ўлады, якая адмаўляецца прызнаваць рэальна пахіснуты рэйтынг свайго лідара. Аднак, гэтыя ж фактары ствараюць глебу і для цалкам неапраўданых чаканняў з боку іншых палітычных сілаў, у тым ліку – апазіцыйных. Папулярная ў асяроддзі беларускай апазіцыі лічба ў 3%, якая выказвае, нібыта, рэальны рэйтынг Лукашэнкі – не больш, чым ілюзія. Гэтая лічба атрыманая ў выніку інтэрнэт-апытанняў, якія ні ў якай меры не закранаюць вельмі значныя групы насельніцтва. Па-першае, ёсць маса людзей, якія не з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікам інтэрнэту. Па-другое, зразумела, што ў падобных апытаннях прымае ўдзел менавіта палітычна актыўная частка грамадства. Адпаведна: у якасці сродку дэлегітымацыі уладаў і падрыву асновы цяперашняга палітычнага рэжыму, дадзены лозунг можа пэўным чынам згуляць, ён адначасова з’яўляецца магутным фактарам стварэння ілюзій сярод апазіцыйна настроеных грамадзянаў. Між тым, міні-апытанні, якія праводзяцца прадстаўнікамі незалежных СМІ нават на вуліцах Менску, як правіла выяўляюць пэўную групу людзей, настроеную галасаваць за ўладу, альбо якая не хоча рызыкоўных пераменаў. Лагічна выказаць здагадку, што ў невялікіх гарадах і сельскай мясцовасці працэнт такіх грамадзянаў істотна вышэй. Адпаведна, ёсць усе падставы лічыць, што цяперашняя ўлада, нягледзячы на ​​адчувальны подых «ветру пераменаў» цалкам можа разлічваць на падтрымку істотнай часткі насельніцтва, хутчэй за ўсё – у межах прыкладна 30%.

Вобразна кажучы, тое, што пасля доўгага палітычнага штылю, у краіне выразна адчуваецца свежы вецер, яшчэ не азначае, што ён хутка набярэ сілу урагану і змяце існыя палітычныя канструкцыі. Таксама, трэба разумець, што тэзіс пра «3%» Лукашэнкі, хоць і можа выкарыстоўвацца ў перадвыбарчай агітацыі, але мае і дэзарганізуючы эфект. Бо калі ўлада сапраўды настолькі «вісіць у паветры», то няма і адпаведнай матывацыі ісці галасаваць. Ствараецца ілюзія што перамены пройдуць самі сабой. Увогуле, міф пра 3% падтрымкі ўлады – “обоюдоострое оружие” і вялікая верагоднасць, што ён ударыць па апазіцыі, урэшце рэшт, не менш, чым па уладзе. 

2) Вобраз будучага, а дакладней – яго адсутнасць. Сітуацыя, калі ключавым апазіцыйным кандыдатам становіцца чалавек, які першапачаткова з’яўляўся чыста тэхнічным кандыдатам, мае як свае плюсы, так і мінусы. Плюс у тым, што адсутнасць выразнай палітычнай пазіцыі і платформы, акрамя самых вострых і самых важных патрабаванняў, якія тычацца неабходных палітычных зменаў – дазваляе будаваць шырокія кааліцыі з іншымі гульцамі. Акрамя таго, можа спрацаваць эфект «белага экрана», на які кожны можа праецыраваць свае чаканні. Аднак, за ўсім гэтым стаіць адна вельмі істотная ўразлівасць, звязаная з адсутнасцю канкрэтнага бачання будучыні. Па сутнасці, пры такім раскладзе выбар зводзіцца да супрацьстаяння тых, хто чакае пераменаў з тымі, хто іх баіцца або, хай без асаблівага жадання, будзе аддаваць перавагу адноснай стабільнасці перад  незразумелай і палохаючай будучыняй. Пры тым, што страхі і засцярогі апошніх будуць усяляк пашырацца і паглыбляцца праўладнымі СМІ і адміністрацыйным рэсурсам. А яснага вобраза будучыні, які здымае дадзеныя страхі і засцярогі, апазіцыя, на дадзеным этапе, пакуль не дала. 

3) Факусіроўка на вулічным супрацьстаянні уладзе, а не на ўласна перадвыбарчай барацьбе. Пры ўсіх памылках і мінусах ўлады, яна, магчыма неўсвядомлена, дамаглася аднаго важнага для сябе выніку. Жорсткімі дзеяннямі супраць апазіцыі яна здолела сфакусаваць увагу на пытаннях таго, як апошняя будзе супрацьстаяць ёй, пераважна – пасля 9 жніўня. На апазіцыйных каналах дыскусія круціцца вакол супрацьстаяння ўладзе, АМАПу, міліцыі, ідзе размова пра тое, колькі народу выйдзе на вуліцу пасля дня выбараў. Пры гэтым, амаль як дадзенасць ўспрымаецца палажэнне аб тым, што, па-першае, апазіцыя выбары выйграе, па-другое, улада, карыстаючыся адміністрацыйным і сілавым рэсурсам, дадзеную перамогу скрадзе. Аднак, калі другое яшчэ можна дапусціць з дастатковай ступенню верагоднасці, то першае, на самай справе, нікім не гарантавана. А факусіроўка ўвагі на пытаннях адкрытага супрацьстаяння ўладзе, на самай справе адводзіць, уласна, ад галоўнага на дадзены момант – ад задач эфектыўнай перадвыбарчай працы ў вельмі абмежаваны час, што застаўся да 09.08. Не варта забываць, што маштабы пратэсту супраць магчымага крадзяжу ўладамі вынікаў волевыяўлення народа, знаходзяцца ў наўпроставай залежнасці ад вынікаў дадзенага волевыяўлення. А апошняе ніякім чынам не гарантавана. Не толькі апазіцыя, але і ўлада можа разлічваць на немалую базу сваіх прыхільнікаў, якія, хоць і ўяўляюць сабой меншасць, але вельмі істотную. Гэтая база будзе ўсяляк ўзмацняцца дзяржаўнымі СМІ і адміністрацыйным рэсурсам. А супраць апазіцыі будзе працаваць яшчэ і некалькі кандыдатаў-спойлеров, цалкам здольных адшчыкнуць значную частку галасоў.

Дапусцім, у якасці аднаго сцэнара, што, у выніку выбараў 09.08. дзеючы прэзідэнт здолее набраць каля 40% галасоў, а асноўны апазіцыйны кандыдат – каля 30%. Далей, па законах жанру, павінен быць другі тур. Але ўлада, разумеючы, што ў другім туры менавіта апазіцыя здолее мабілізаваць сваю падтрымку, ставіць сваёй мэтай гэтага не дапусціць і аб’яўляе аб сваёй перамозе з 53% галасоў. Далей узнікае пытанне: ці зможа апазіцыя дамагчыся перагляду падобных «адкарэктаваных” вынікаў? Гэта, у сваю чаргу, залежыць ад яе здольнасці мабілізаваць людзей. Але тут узнікае пэўная супярэчнасць, бо кандыдат ад улады, хоць і парушыў працэдуру і прыпісаў сабе галасы, але ўсё ж выйшаў рэальным пераможцам па выніках першага тура. Адпаведна, магчымасці апазіцыі заяўляць пра тое, што ў яе «скралі перамогу», таксама вельмі сумнеўныя. Безумоўна, будзе пэўная грамадская мабілізацыя, але на яе вастрыі будзе не пытанне пра ўладу, як такой, а пытанне аб працэдуры і яе парушэнні. А падобнае пытанне валодае значна меншым мабілізуючым патэнцыялам, чым уласна першае пытанне. Больш за тое, пры такім раскладзе, калі Лукашэнка зможа прадэманстраваць, хай і не падтрымку большасьці, але, прынамсі, падтрымку больш значнай меншасці, чым база падтрымкі любога з яго апанентаў, гэта цалкам дазволіць яму кансалідаваць адпаведныя дзяржаўныя структуры на сваю карысць. Пры такім раскладзе магчымасць ўлады выстаяць перад ціскам грамадскай незадаволенасці павышаецца вельмі істотна. Не павінна быць ілюзій, толькі сапраўды «пераварочваючыя» выбары, якія дазваляюць апазіцыі дамагчыся пераканаўчай перамогі ў першым туры могуць стаць краевугольным каменем сур’ёзных палітычных перамен у краіне. Такі вынік выбараў не выключаны, але яго верагоднасць, на сённяшні дзень, уяўляецца не вельмі высокай. Пакуль што, цяперашнія палітычныя падзеі ў Беларусі, па сваім маштабе, хутчэй нагадваюць ўзровень «балотных» пратэстаў у Расеі ў 2011-12 гадах. Напрыклад, з улікам насельніцтва двух гарадоў, 10000 удзельнікаў перадвыбарчага пікету ў Менску – цалкам параўнальныя з 60000 масквічоў на праспекце Сахарава. Тады таксама, тое, што адбылося палітычнае ажыўленне, пасля многіх гадоў зацішша, шмат каму ўяўлялася як карэнная змена сітуацыі. Але ўлада, акрыяўшы ад першапачатковага спалоху, змагла даволі хутка ўзяць сітуацыю пад кантроль.

4) Фактар ​​“трэцяга гульца”. Відавочна, што ў цяперашняй палітычнай сітуацыі ў Беларусі, прысутнічае істотны «трэці гулец» са сваімі вельмі значнымі геапалітычнымі амбіцыямі ў дачыненні да незалежнай Беларускай дзяржавы. І цалкам падкантрольныя ўладам дадзенага гульца СМІ, маюць велізарны ўплыў на беларускае грамадства. Як мінімум, у некаторых рэгіёнах краіны людзі больш глядзяць менавіта расейскія СМІ, чым нават ўласныя. Да гэтага часу, у сілу няпростых адносін паміж кіраўніцтвам дзвюх дзяржаў, расейскія СМІ практычна не ўмешваліся ва ўнутрыпалітычную барацьбу ў Беларусі. Але цалкам відавочна, што гэта тлумачыцца зусім не павагай расейскага кіраўніцтва да незалежнага выбару народа Беларусі, а жаданнем, пасля выбараў, атрымаць цяперашняга лідара Беларусі, свайго, так бы мовіць, «заклятага сябра», у якасці прыза ў выглядзе вельмі палітычна аслабелай і залежнай ад «старэйшага брата» фігуры. Але вось чаго дакладна не прадугледжана ў крамлёўскіх планах – дык гэта «пераварочваючых» выбараў у Беларусі, якія змятаюць стары рэжым, а з ім – і ўсе нефармальныя дамоўленасці з цяперашнім беларускім партнёрам. Сёлетні «нейтралітэт» расейскіх СМІ звязаны, па ўсёй бачнасці, з тым, што на погляд расейскага палітычнага кіраўніцтва (а яно, дазволю сабе дапусціць, як раз і валодае рэальнымі сацыялагічнымі дадзенымі пра сітуацыю ў суседняй краіне), усё ідзе цалкам у рамках прадугледжанага сцэнара. Калі ж сітуацыя будзе выходзіць з дадзеных рамак – добрым барометрам падобнага развіцця падзей стане актыўная прысутнасць «беларускай тэмы» на адпаведных прапагандысцкіх каналах.

Ці ёсць усё ж у беларускай апазіцыі шанец на перамогу? 

– Так, безумоўна. Але толькі калі яна здолее скарэктаваць свае падыходы ў адпаведнасці з больш-менш рэалістычнай ацэнкай сітуацыі і з выхадам з «зоны камфорту», ​​за межы груп, ужо настроеных на перамены. Для гэтага ёй проста неабходная рэпрэзентатыўная сацыялогія, а не інтэрнэт-апытанні палітычна актыўных груп. Шанцы на перамогу залежаць ад таго, наколькі апазіцыя зможа выйсці за межы сталіцы і абласных цэнтраў, наколькі звярне ўвагу на невялікія гарады, вёскі, на тых суграмадзян, у каго страх пераменаў пераважае над пазітыўнымі чаканнямі. Вядома, магчымых памылак ў невялікіх і «неафіцыйных» даследаваннях будзе больш, чым пры захаванні адпаведных працэдур, але ўвогуле без іх, а толькі паўтараючы мантру пра «3%»,  апазіцыя будзе жыць ўласнымі ілюзіямі і наўрад ці зможа дамагчыся рэальнага поспеху. Выбары – гэта не пра мінулае, а пра будучыню. Ці здолее апазіцыя ў дні, што засталіся да 9 жніўня не проста агітаваць на карысць альтэрнатыўнага кандыдата, а хоць бы пазначыць базавыя рысы альтэрнатыўнага шляху развіцця Беларускай дзяржавы і грамадства? Ці зможа апазіцыя крытыку цяперашняга становішча ператварыць у размову аб пазітыўных перспектывах эканамічнага развіцця, вызваленага ад дробязнага дзяржаўнага кантролю, аб тым, як выпраўленне сітуацыі з правамі і свабодамі адаб’ецца на жыцці простага чалавека? Без гэтага сумніўна, што ў яе атрымаецца прыцягнуць падтрымку тых, хто не вызначыўся ў сваіх перавагах і тых, хто адчувае страх перад пераменамі. Складаным выклікам для апазіцыі з’яўляецца неабходнасць, па магчымасці, пазбягаць канфрантацыйных момантаў з прадстаўнікамі ўлады, робячы ўпор менавіта на агітацыю, на данясенне сваёй пазіцыі да народа, для максімізацыі свайго выніку ў ходзе галасавання. Тут мяч на поле ўлады, няма сумневаў, што яна будзе актыўна правакаваць сваіх апанентаў, але справа ў тым, што калі тэма сутыкненняў з міліцыяй будзе дамінаваць у сферы навін, то, як бы не прайгравала ад падобных інцыдэнтаў ўлада, апазіцыя будзе прайграваць яшчэ больш – губляючы каштоўны час, неабходны для фармулявання і максімальнага распаўсюду пазітыўнай павесткі. На карысць апазіцыі, хутчэй за ўсё, гуляе тое, што ключавыя апазіцыйныя кандыдаты ўяўляюцца цалкам нейтральнымі з пункту гледжання геапалітычнага выбару Беларусі і, адпаведна, не выклікаюць асаблівай алергіі ў Маскве.  

Па гэтым пытанні, верагодна, у беларускім грамадстве існуюць латэнтныя лініі падзелу. Улада сама гэтаму садзейнічала, перыядычна пасылаючы грамадству вельмі супярэчлівыя, ледзь не ўзаемавыключальныя сігналы па тэме. У сённяшніх жа рэаліях, хто б як не ставіўся да перспектыў інтэграцыі дзвюх краін, але, калі дадзеная тэма стане элементам перадвыбарчай барацьбы, гэта пагражае адвесці ўвагу ад галоўнага пытання бліжэйшага часу.

 У прынцыпе, найважнейшым пытаннем для беларускай апазіцыі з’яўляецца тое, ці здолее яна пазбегнуць тых памылак, якія здзейсніла апазіцыя ў Расеі падчас «балотных» пратэстаў 2011-12 гадоў. Тады, засяродзіўшы ўвагу на перыядычных масавых акцыях, у асноўным – у буйных гарадах, апазіцыйныя лідары фактычна гэтым і абмежавалася. Была страчаная магчымасць актыўна задзейнічаць апазіцыйны актыў у важнай, штодзённай працы. Праўда, у той момант супраць «балотнага» пратэсту згуляла нявызначанасць яго мэтаў – пратэст праходзіў пераважна ў «міжвыбарны» сезон, паміж парламенцкімі і прэзідэнцкімі выбарамі, і гэта стварала нявызначанасць яго мэтаў: ці-то аспрэчваць абвешчаныя вынікі ўжо мінулага галасавання, то-ці засяродзіцца на хуткіх выбарах прэзідэнта.

– Якія магчымасці дае перадвыбарчы фармат у Беларусі?  

– Беларуская апазіцыя, у дадзены момант дзейнічае ва ўмовах перадвыбарчага фармату і ў яе, хаця б тэарэтычна, ёсць шырокія магчымасці для арганізацыі шырокай паўсядзённай дзейнасці – ад распаўсюду перадвыбарных улётак і агітацыйных матэрыялаў да арганізацыі дэбатаў і абмеркаванняў на самых розных узроўнях, няхай гэта будзе студэнцкая група ці жыхары вёскі, ад выканання і распаўсюду адпаведных песень да правядзення актывістамі на мясцовым узроўні міні-апытанняў грамадскай думкі, ад актыўнай дэманстрацыі адпаведнай сімволікі да распаўсюду перадвыбачых ролікаў у сацыяльных сетках і дэманстрацыі іх тым, хто па-за гэтымі сеткамі і да т.п.

Практычна нічога падобнага не было зроблена ў Расеі ў 2011-12 гадах, ці зможа беларуская апазіцыя не паўтарыць такія памылкі і разгарнуць шырокую палітру дзеянняў, дзякуючы якім кожны беларус можа актыўна ўдзельнічаць у кампаніі і адчуць сваё дачыненне да зменаў у сваёй краіне? Цяжка сказаць. У апазіцыі ёсць для гэтага шанец, але зусім не факт, што яна ім скарыстаецца. Ці зможа яна, сярод падобных крокаў, прапанаваць такія дзеянні, якія маглі бы без асаблівай напругі і дадатковага рызыкі (пандэмія нікуды не дзелася) ажыццяўляць людзі сталага ўзросту, супрацоўнікі дзяржустаноў, лекары, настаўнікі – прадстаўнікі як раз тых груп насельніцтва, якіх рэжым разглядае ў якасці сваёй асноўнай базы падтрымкі? Ці зможа апазіцыя, у вельмі кароткія тэрміны і пры актыўным супрацьдзеянні уладаў выйсці менавіта на гэтыя катэгорыі насельніцтва, за межы сваёй традыцыйнай групы падтрымкі? Час пакажа. Але толькі пры такім падыходзе, паўстане рэальны шанец на перамогу. 

Беларускае Радыё Рацыя, гутарыла Паліна Сцепаненка