Андрэй Казакевіч: Парламент губляе кантроль
Беларусь пасля рэферэндуму 27-га лютага пяройдзе да афармлення контуру транзіту ўлады па казахскім варыянце. Падчас анлайн-дыскусіі Экспертна-аналітычнага клубу ўдзельнікі абмеркавалі галоўныя наступствы рэферэндуму.

Кажа доктар паліталогіі, дырэктар інстытуту „Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч:
– Парламент губляе кантроль, якія цяпер ёсць над выбарчым працэсам і над судовымі органамі. Плюс сам па сабе парламент таксама губляе адну важную палітычную функцыю – гэта магчымасць ініцыяваць імпічмент прэзідэнта. Усе гэтыя паўнамоцтвы аддаюцца Усебеларускаму народнаму сходу. Так што мы аслабляем парламент, мы аслабляем прэзідэнта. Мы ставім судовую ўладу ў поўную залежнасць ад гэтага Усебеларускага народнага сходу.

Галоўнага бенефіцыянта наступстваў Рэферэндуму ў Беларусі назваў прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе, дырэктар цэнтра „Еўрапейскі дыялог” Анатоль Лябедзька:
– Што датычыць выгадаатрымальнікаў, то на мой погляд ёсць адзін. Ён дакладна праглядаецца, ён адзін – гэта Крэмль. Лукашэнка зрабіў падарунак Пуціну, выняўшы з тэксту Канстытуцыі артыкул, якая фіксавала безядравы статус краіны і імкненне да нейтралітэту. Гэта хай і фармальнае, але прававая падстава для таго, каб прыходзіць у Беларусь і ствараць тут аснову для расейскіх вайсковых баз.
Удзельнікі анлайн-дыскусіі прапанавалі адзіную стратэгію дзеянняў на рэферэндуме: прыходзіць на ўчасткі ў дзень галасавання і псаваць бюлетэні, тым самым ператварыўшы Рэферэндум у вотум недаверу да рэжыму.
Беларускае Радыё Рацыя
