Андрэй Клімаў: Калі няма галавы, то па валасах не плачуць
Былы бізнесмен і дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Андрэй Клімаў распавёў, чаму яго не цікавяць сёлетнія парламенцкія выбары.
Андрэй Клімаў: На жаль, выбары ні на што паўплываць не могуць, нават калі ўся апазіцыя раптам (тэарэтычна ўявім гэта) апынецца ў парламенце. Гэта абсалютна нічога не зменіць у нашым лёсе. Як кажуць, калі няма галавы, то па валасах не плачуць.
РР: Што вы маеце на ўвазе?
Андрэй Клімаў: Час паказаў, што ў свой час падпісаная Саюзная дамова практычна знішчыла суверэнітэт Беларусі. І гэта будзе не толькі расейскі рэгіён, а буферная зона паміж НАТА і Расеяй. Апошняй патрэбна такая зона. І віна ў тым, што Саюзная дамова была падпісана не толькі вертыкалі ўлады, а і Вярхоўнага Савета 13-га склікання, і выбарцаў, якія спакойна выбралі тых дэпутатаў, што прагаласавалі за ратыфікацыю дамовы.
Сёння краіна цалкам знаходзіцца ў руках Расеі і тут ужо ні дэпутаты не могуць паўплываць на сітуацыю, ні беларускі кіраўнік. Мы аказаліся не проста ля разбітага карыта, а ў яме. А калі ўлада не можа паўплываць на сітуацыю, то які сэнс балатавацца ў дэпутаты? Гэта падман і сябе, і выбарцаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя