Андрэй Клімаў: Удзельнічаць у выбарах шкодна і бессэнсоўна
Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Андрэй Клімаў распавядае пра тое, ці мае сёння сэнс для апазіцыі ўдзельнічаць у выбарах.
Андрэй Клімаў: Існуюць два тыпы людзей, якія прымаюць удзел у сённяшніх выбараў. Першы — тыя маладыя, хто хоча атрымаць досвед і адчуць сябе ў палітыцы. Другі — тыя, хто ўжо не адзін год у апазіцыі і маюць досвед не адной выбарчай кампаніі. І сёння я мог бы даць парады толькі тым, хто ўжо мае вопыт. Найперш хацеў бы сказаць, што ўдзел у гэтых выбарах не толькі бессэнсоўны, але і шкодны для краіны.
РР: Чаму шкодны?
Андрэй Клімаў: Таму што выбары даюць для ўлады няправільныя арыенціры. Улада павінна ведаць, што апазіцыйны народ не хоча гуляць па іх правілах. Што пратэстны электарат не будзе па іх гуляць. А тыя, хто прымае ўдзел у кампаніі, якраз і гуляюць па гэтых правілах. Мы даем дрэнны сігнал Еўразвязу і нават той жа Расеі. Удзелам у выбарах мы паказваем Пуціну , што ў Беларусі няма моцнай апазіцыі. Таму, ў выпадку анексіі па крымскім варыянце, ніхто выступаць супраць не будзе. Мая пазіцыя такая: у гэтых умовах, калі няма гарантыі, што як мінімум 50 адсоткаў апазіцыйных кандыдатаў апынуцца ў парламенце, прымаць удзел не варта. Пры гэтым дэпутаты павінны быць такія, як я, як Анатоль Лябедзька, як Валерый Шчукін. На мой погляд, адным з варыянтаў гарантый таго, што частка людзей пройдзе ў дэпутаты, стала б змена кіраўніцтва Цэнтрвыбаркама. Павінна быць новая кампрамісная фігура новага старшыні ЦВК.
РР: Дык што, наогул нікога ў парламент з апазіцыі не прапусцяць?
Андрэй Клімаў: Калі вы задаяце мне такое пытанне, значыцца таксама падпалі пад уплыў ўсеагульнага гіпнозу. Скажыце: на веласіпедзе можна абагнаць Мерседэс? Парламент у нашай краіне не з’яўляецца суб’ектам права, а з’яўляецца ўсяго толькі паказчыкам дыктатуры. І калі там прысутнічае хаця б палова апазіцыйнага дэпутата, то ён ужо не будзе з’яўляцца сімвалам дыктатуры. А, калі так, то такі парламент наогул не патрэбен уладзе. Яго трэба проста распусціць, бо не для таго стваралася «палатка». Там не можа быць іншадумцаў.
РР: Але ж некаторыя робяць прагнозы, што ў парламент могуць патрапіць тая ж Таццяна Караткевіч ці Андрэй Дзмітрыеў…
Андрэй Клімаў: Вы ж у мяне пыталі пра прадстаўнікоў апазіцыі, пры чым тут Караткевіч і Дзмітрыеў? Для мяне яны — элементарны праект улады.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: palitviazni.info