Андрэй Пачобут: Лукашэнку патрэбны знешні вораг
Сябра непрызнаванага Саюза палякаў у Беларусі, журналіст Андрэй Пачобут лічыць невыпадковым дыпламатычны скандал на лініі Менск-Варшава.
Беларускае міністэрства пасля наведвання консулам Польшчы ў Берасці неафіцыйнага мерапрыемства, прысвечанага „Дню выклятых жаўнераў”, прапанавала яму, а затым і генеральнаму консулу ў Гародні, на працягу 48 гадзін пакінуць Беларусь, каментуе Андрэй Пачобут:
– У гэтай сітуацыі, насамрэч, няма нічога дзіўнага, таму што ад жніўня 2020 года Лукашэнка абвясціў Польшчу галоўным ворагам. Бо раней былі прадпрынятыя беспрэцэдэнтныя крокі, калі перакідваліся войскі на польскую мяжу, калі войскі ставіліся ў баявую гатоўнасць. І ўсе гэтыя дзеянні, якія ўлада прадпрымае, яны ў рэчышчы вось гэтага несправакавання Польшчы на нейкі канфлікт. Я думаю, Лукашэнку патрэбны знешні вораг – і гэта галоўная прычына.
Ператрусы і затрыманні ў «Польскай школе» ў Берасці Андрэй Пачобут назваў спробай наступу на польскую адукацыю ў краіне і запалохванне бацькоў вучняў польскіх школ.
– Калі казаць пра апошнія гэтыя хвалі, то тут вырашаюцца таксама ўнутраныя справы, як змаганне з польскай адукацыяй. Безумоўна, адна з мэтаў таго, як гэта адбываецца, гэта ўдар па грамадскім навучанні польскай мовы, спроба запалохаць бацькоў, дзяцей і г.д. Вось гэта менавіта адна з мэтаў гэтай кампаніі, якая цяпер адбываецца.
Польскае Міністэрства замежных спраў пакуль «пакідае за сабой права на адэкватны адказ» МЗС Беларусі, адзначыў віцэ-міністр замежных спраў па пытаннях бяспекі, амерыканскай, азіяцкай і ўсходняй палітыкі Марцін Пшыдач.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя