Андрэй Пачобут: Спадзявацца на “перабудову” не выпадае



Нічога новага ад чалавека, які 20 гадоў кіруе краінай і прысутны ў навінах усіх дзяржаўных СМІ, чакаць немагчыма. Так гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут каментуе прэс-канферэнцыю Аляксандра Лукашэнкі, на якой беларускі лідар больш за 7 гадзін адказваў на пытанні беларускіх і замежных журналістаў.

premija_poczobuta

Калі казаць пра тэндэнцыі, якія былі заўважныя ў выказваннях Лукашэнкі, Андрэй Пачобут адзначае: „перабудовы” не будзе:

– Тое, што ён пачаў захапляцца Брэжневым, падкрэслівае, што спадзявацца на нейкую перабудову, на нейкую змену сістэмаў, якія існуюць у імперскім асяродку, у беларускім асяродку, не выпадае. Гэта, мне падаецца, – галоўнае.

„Некаторыя польскія ксяндзы ў Беларусі займаюцца ня тым, чым трэба,” – сказаў на прэс-канферэнцыі Лукашэнка. Магчыма, такімі заявамі кіраўнік дзяржавы спрабуе больш актыўна выкарыстоўваць аўтарытэт каталіцкага Касцёла – мяркуе Андрэй Пачобут:

– Гэта прэсінг на ксяндзоў з боку дзяржавы, якія з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы. Трэба быць вельмі наіўным, каб казаць, што ў беларускіх умовах ксяндзы – грамадзяне Польшчы, нейкую палітычную дзейнасць праводзілі. Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Улічваючы тое, што раз на паўгода ім трэба працягваць дазвол на знаходжанне ў Беларусі, то ўсе яны знаходзяцца пад шчыльным каўпаком беларускіх спецслужбаў і чыноўнікаў.

 

Таксама Аляксандр Лукашэнка ў час 7-гадзіннай прэс-канферэнцыі заявіў, што за час свайго прэзідэнцтва „бачыў ужо ўсё”, аднак на пенсію пакуль не збіраецца.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя