Андрэй Падгурскі: Украінцы Варшавы глядзяць на дамоўленасці са скептыцызмам
“Спадзяемся на мірнае вырашэнне канфлікту ва Украіне, падтрымліваем Украіну ў імкненні да вяртання міру ў рэгіён”, – сказаў 12-га лютага прэзідэнт Еўрапейскай Рады Дональд Туск падчас супольнай канфэрэнцыі ў Бруселі з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.
У Менску 11-12 лютага адбыліся перамовы ў нармандскім фармаце па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне.
„Нармандская чацвёрка” дамовілася аб спыненні агню ў Данбасе з 00:00 15 лютага.
“Украінцы Варшавы глядзяць на дамоўленасці з пэўным скептыцызмам”, – гаворыць Андрэй Падгурскі, сустваральнік будучага “Украінскага таварыства” у Варшаве.
– У Менску былі дасягнуты поспехі ў дамоўленасцях, але, што тычыцца рэальнасці гэтых дамоўленасцяў, ёсць троху скептыкі, бо даходзіць інфармацыя пра перамяшчэнне цяжкой зброі – танкі, бэтээры з боку Расеі. Памятаем пра ўсе першыя Менскія дамоўленасці, якія прынеслі больш шкоды, чым пазітыву.
Сустрэча прэзідэнтаў Украіны Пятра Парашэнкі, Расеі Уладзіміра Пуціна, Францыі Франсуа Аланда, а таксама канцлера ФРГ Ангелы Меркель праходзіла ў Палацы Незалежнасці ў Менску і доўжылася 16 гадзін
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя