Андрэй Паротнікаў: Беларускае войска не здольнае весці інфармацыйную вайну



У верасні Вейшнорыя ўварвецца ў Беларусь. Для таго каб стрымаць агрэсію Менск звернецца па дапамогу да Расеі. Пасля чаго абедзве краіны пачнуць правядзенне абарончай аперацыі. Так у самых агульных рысах выглядае сцэнар маючых адбыцца беларуска-расейскіх вучэнняў «Захад-2017». Ён быў прадстаўлены грамадскасці падчас брыфінгу начальніка генеральнага штаба беларускай арміі Алега Белаконева 29 жніўня.

Сам брыфінг быў даволі дзіўны мерапрыемствам. У запрошаных журналістаў не было магчымасці задаць пытанні выступоўцу. Падчас брыфінгу была прадстаўлена мапа-схема будучых вучэнняў. Частка тэрыторыі Беларусі на ёй выдзелена ў склад выдуманай дзяржавы-агрэсара Вейшнорыі. І гэта выклікала скандал: атрымліваецца, што міфічная краіна размешчана беларускімі генераламі на тэрыторыі пражывання пераважна каталіцкага насельніцтва і польскай нацыянальнай меншасці. Аднак, абурэнне вельмі хутка перарасло ў кпіны над нездаровымі фантазіямі генералаў. У інтэрнэце паднялася цэлая хваля «За Вейшнорыю». Не прайшло і содняў, як міфічная дзяржава займела сваё сеткавае прадстаўніцтва, герб, сцяг і масу прыхільнікаў. З’явілася чарга з сотняў жадаючых абзавесціся пашпартам прыдуманай краіны.

Смех смехам, але тое, што адбылося мае цалкам сур’ёзныя наступствы.

Брыфінг генерала Белаконева стаў першым мерапрыемствам падобнага роду, што праводзяцца ў Беларусі і для беларускай грамадскасці. Міністэрства абароны вымушана было пайсці на гэты крок пад ціскам грамадскасці і хвалі негатыву ў дачыненні да «Захаду-2017». Генералы хацелі супакоіць грамадскую думку і прадэманстраваць сваю адкрытасць. Але зрабілі гэта вельмі няўмела. У беларускім Мінабароны проста няма людзей, якія здольныя былі б належным чынам ажыццяўляць інфармацыйнае суправаджэнне вучэнняў. Беларускія ваенныя прапагандысты дзейнічаюць так, як быццам не ведаюць, што сямідзесятыя скончыліся, Брэжнеў даўно памёр, а сценгазеты ўжо ніхто не чытае. У той час, як суседнія краіны надаюць вялікую ўвагу эфектыўнасці ваеннай прапаганды, беларускія генералы адсталі на цэлую вечнасць.

Другі важны момант звязаны з хваляй насмешак у інтэрнэце над генераламі ў сувязі з абвешчаным сцэнаром вучэнняў. А гэта сведчанне таго, што войска ў Беларусі не ўспрымаецца ў якасці сур’ёзнага інстытута, а аўтарытэт яе ваеннага кіраўніцтва знаходзіцца на досыць нізкім узроўні ў адрозненне ад суседніх краінаў. Гэта праблема і сур’ёзная, якая патрабуе тэрміновага вырашэння.

Ад ваенных патрабуецца новы падыход для працы з грамадскай думкай. Войска – гэта вельмі кансерватыўная структура. Але ваеннае кіраўніцтва больш не можа сабе дазволіць ігнараваць настроі ў грамадстве. Неабходна радыкальнае кадравае абнаўленне інфармацыйна-прапагандысцкага і ідэалагічнага апарату Міністэрства абароны. Людзі, якія не ў стане працаваць эфектыўна ў новых умовах, павінны пакінуць свае пасады.

Вайна ва Украіне і бягучае супрацьстаянне Расеі і Захаду дэманструюць, што інфармацыя становіцца такой жа зброяй як гарматы, танкі і баявыя самалёты. Ігнараванне гэтага факту і далей з боку беларускага ваеннага кіраўніцтва ставіць Беларусь у вельмі слабае становішча. І наступствы гэтага могуць быць непрадказальнымі.

Андрэй Паротнікаў, Беларускае Радыё Рацыя