Андрэй Паротнікаў: НАТА разглядае Беларусь як працяг Расеі
У Варшаве скончыўся саміт НАТА. На саміце афіцыйна абвясцілі стварэнне міжнародных батальёнаў Альянса на тэрыторыі Польшчы і краінаў Балтыі, а таксама выдзялілі пакет дапамогі Украіне.
А як паставіліся на саміце да Беларусі, і якія яшчэ важныя моманты, пра якія гаварылася на саміце, варта падкрэсліць? На гэтае пытанне ў размове з нашым радыё адказаў Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog, які быў запрошаны на форум экспертаў саміта.
Андрэй Паротнікаў: Да Беларусі ніякага стаўлення няма, бо Беларусь не была рэпрэзентаваная на гэтым саміце. Як мне здаецца, гэта абылося па віне выключна беларускіх уладаў, якія своечасова не выклікалі зацікаўленасць у дыялозе з НАТА. Наадварот, сваімі паводзінамі паказвалі такое стаўленне, якое магло быць успрынятае як мінімум непавага. Гэта першы момант. Другі момант, што вельмі важна, гэта тое, што на афіцыйным палітычным узроўні было абвешчана, што дзверы НАТА застаюцца адчыненымі. НАТА гатова пашырацца. Канешне, не за кошт кожнага, то бок трэба адпавядаць нейкім крытэрам Альянсу, але, прынамсі, такая магчымасць у кожнай краіны, якая таго пажадае, ёсць. Трэці момант, што хутчэй не было зроблена, але гэта вельмі важна, – мы так і не пачулі канкрэтнай трактоўкі адносна 5-га артыкула Вашынгтонскай дамовы. То бок няма адказу на пытанне, як сябе будзе паводзіць НАТА ў выпадку, напрыклад, гібрыднай агрэсіі супраць нейкай краіны-чальца. І галоўнае, гэта было бачна, што цярпенне Захаду адносна ўкраінскіх уладаў усё ж такі не бясконцае. Рэформы не праводзяцца. І мне здаецца, што быў вельмі моцны пасыл прэзідэнту Парашэнку аб тым, што няма зменаў – няма грошаў.
РР: Прэзідэнт Парашэнка пахваліўся, сказаў, што гэта ўпершыню ў гісторыі, краіне, якая не з’яўляецца сябрам НАТА, была ўдзелена такая беспрэцэдэнтная дапамога.
Андрэй Паротнікаў: Усё добра, але адзіная рэч – так і не былі названыя лічбы гэтай дапамогі, памеры гэтай дапамогі. Пакуль сітуацыя выглядае наступным чынам: Украіна павінна праводзіць рэформы, і калі будуць праводзіцца рэфрмы – будуць дапамогі па тых напрамках, якія абазначаны. Калі рэфрмаў не будзе – то ніякай дапамогі не будзе. Мяч на ўкраінскім баку.
РР: Вось вы кажаце, што няясная сітуацыя з 5-ым артыкулам НАТА, ці будзе ён дзейнічаць пры гібрыднай пагрозе, а ўсё ж такі, падчас саміту афіцыйныя асобы вельмі часта гаварылі, што мы дамо адпор і гібрыднай вайне.
Андрэй Паротнікаў: Было б дзіўна, калі б яны сказалі, нешта адваротнае. Таму я ўспрымаў бы такія заявы як даніну “палітэсу”. Праблема ў тым, што Захад дзейнічае на падставе нейкіх працэдураў. І гэтыя працэдуры, каб яны былі задзейнічаныя і дзейнічалі эфектыўна, павінны быць вельмі дакладна прапісаныя. І таму дэфініцыі маюць вельмі вялікае значэнне. На жаль, з таго, што ўдалося даведацца нават на кулуарным узроўні, дыскусія адносна трактавання дэфеніцыя 5-га артыкула фактычна не вядзецца. Тэарэтычна гэта можна скласці праблему, калі, напрыклад, пачнуцца, умоўна кажучы, нейкія падзеі, такія, як на Дамбасе – прыезд турыстаў Пуціна, і адна краіна скажа, што так, гэта агрэсія, а другая скажа, ну якая гэта агрэсія – гэта грамадзянская вайна і там павінна быць паліцэйская аперацыя пад эгідай АБСЕ, а не абарончая аперацыя НАТА. Таму тут усё ж такі гэтыя дэфініцыі маюць вельмі вялікае значэнне.
РР: Ці азначае падобная праблема, што нават гэтыя міжнародныя батальёны не змогуць удзельнічаць у аперацыі?
Андрэй Паротнікаў: Тэарэтычна – так. Але практычна трэба разумець, што любы ўзброены канфлікт – гэта вялікія стрэсы для ўдзельнікаў і для палітычнага кіраўніцтва. І калі, умоўна кажучы, па гэтых вайскоўцах пачнуць страляць, то як яны будуць адказваць – гэта пытанне іншае. Таму што можна прывесці прыклады, калі, умоўна кажучы, тыя ж заходнія вайскоўцы, якія ўдзельнічалі ў аперацыях, адкрывалі агонь у адказ. Але былі прыклады, у той жа Руандзе, калі яны проста сыходзілі, пакінуўшы без абароны насельніцтва, якое яны павінны былі абараняць.
РР: Па вашай ацэнцы, як Беларусь успрымалі на саміце НАТА – як суверэнную дзяржаву, ці як працяг Расеі, маецца на ўвазе у вайсковым плане?
Андрэй Паротнікаў: Гэта ўсё ж такі вайсковае мерапрыемства, якое было прысвечана пытанням абароны, дзе рэй вялі генералы. А генералы заўсёды рыхтуюцца да найгоршага, таму і ўспрыманне Беларусі было, фактычна, як працяг Расеі ў вайсковым плане. У прынцыпе, беларускія ўлады самі – сваімі заявамі, сваімі паводзінамі, прынамсі, апошні месяц, – такое ўспрыманне толькі ўзмацнілі.
Нагадаем, што падчас саміту Вітальд Вашчыкоўскі зазначыў, што Польшча гатова быць пасярэднікам у збліжэнні Беларусі і НАТА. Міністэрства замежных спраў Беларусі адказала, што не патрабуе пасярэднікаў для таго, каб размаўляць з іншымі партнёрамі, у тым ліку НАТА.
Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота PAP/Bartłomiej Zborowski