Андрэй Парубій: РФ размясціла ў Крыме ядзерную зброю
Расейская Федэрацыя размясціла на тэрыторыі анексаванага Крыма ядзерную зброю. Такую заяву зрабіў старшыня Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій падчас пасяджэння Парламенцкай асамблеі НАТА, перадае Інтэрфакс-Україна.
Андрэй Парубій падкрэсліў, што міжнародная супольнасць павінна захаваць палітычны і эканамічны ціск на Крэмль.
З пазіцыяй старшыні Вярхоўнай Рады цалкам згодныя ўкраінскія назіральнікі. Але ж, на думку палітолага Аляксея Кабзара, пакуль словы ўкраінскіх высокапасадоўцаў пра “ціск на Крэмль” застаюцца пераважна дэкларатыўнымі:
– Вельмі важныя сістэмныя высілкі ўкраінскай улады, гэтыя высілкі павінны быць на эканамічным фронце, то бок павінны рэальна дзейнічаць украінскія санкцыі, а не працягвацца ганебны гандаль, пастаўкі сыравіны на заводы ў Крым. Павінны быць зусім іншага маштабу дыпламатычныя высілкі, бо валтузьня ў Менску – гэта дакладна не шлях да аднаўлення міру і вяртання нашых акупаваных тэрыторый.
Расейскія ўлады пакуль не каментуюць паведамленні пра ядзерную зброю на тэрыторыі Крыма.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
