Андрэй Саннікаў: Глупства зацягнулася, але канец будзе лагічны
Палітычны і грамадскі дыялог магчымы толькі ўнутры краіны. Захад павінен не размаўляць з рэжымам Лукашэнкі, а выкарыстоўваць санкцыі. Так мяркуе лідар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў – сённяшні госць нашага радыё. На размову запрашае Яна Запольская.
РР: На сённяшні дзень існуе, як мне здаецца, пашыранае меркаванне, што з Аляксандрам Лукашэнкам Еўразвязу трэба весці дыялог, паколькі гэта ўсё больш будзе адцягваць яго ад Расеі. Вы надалей прытрымліваецеся іншай пазіцыі, што санкцыі – гэта найбольш дзейсны механізм такога дыялогу?
Андрэй Саннікаў: Па-першае, санкцыі ніколі не былі стратэгіяй і ніколі не будуць. Санкцыі – гэта інструмент, які можа паўплываць на сітуацыю ў Беларусі. Калі з гэтых злачынцаў, афіцыйных асобаў Беларусі, знялі санкцыі ў лютым 2016 года – гэта азначала, што злачынствы будуць працягвацца. У Беларусі мы зараз гэта і назіраем. Ніякі дыялог паміж рэжымам і Бруселем ніякіх вынікаў не дасць. Вынікам будзе толькі ўзмацненне рэпрэсій. А патрэбны гэты дыялог толькі Лукашэнку, каб атрымаць грошы ад Еўразвяза.
Усё можа адбыцца, калі пойдзе сапраўдны дыялог унутры краіны – з Лукашэнкам ці без яго. Бо сітуацыя небяспечная не толькі для нас, апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, але і для актыўных удзельнікаў улады і рэжыму. Пагроза ёсць з боку Расеі, і не толькі. Лукашэнка ўжо не кантралюе сітуацыі: ужо з’явіліся розныя групоўкі, якія спрабуюць самастойна нешта рабіць. Публічнае з’яўленне дыктатара пакідае ўражанне неадэкватнага кіраўніка. І гэта таксама небяспечна. Хаос нікому не патрэбны. Каб гэтага пазбегнуць, павінна адбывацца сур’ёзная размова ўнутры Беларусі пра тое, як абараніць нашу незалежнасць, як развівацца краіне, як пазбавіцца ад улад-дармаедаў, якія штораз мацней ціснуць на людзей. Вось гэта павінна адбывацца. Ніякага дыялогу. Дыялогам займаюцца махляры з аднаго і другога боку.
РР: Але вось ў гэтым дыялогу ўнутры краіны, як Вы кажаце, якія б бакі маглі ўзяць удзел? Ці бачыце ўвогуле такія сілы, якія б маглі канструктыўна падысці сёння да такога дыялогу?
Андрэй Саннікаў: Паколькі грамадства заціснута гэтым рэжымам, павінен быць крок з боку рэжыму. Грамадства гатовае. І апазіцыя будзе гатовая. Не штучная, фэйкавая апазіцыя, а сапраўдная. Галоўнае, каб была палітычная воля. Прынамсі з боку Беларускага нацыянальнага кангрэса (я за гэта магу адказваць, а за іншых – не) яна ёсць. Павінны быць нейкія зрухі, усведамленне небяспечнай сітуацыі і таго, што мы павінны прадухіліць і хаос, і вайну, і акупацыю. І ўсё гэта можна зрабіць толькі ўнутры краіны. І толькі нам самім.
РР: Калі Вы кажаце пра пагрозу з боку Расеі, наколькі вялікай яна можа быць? Ці ўкладаеце Вы ў гэта магчымасць вайсковай агрэсіі?
Андрэй Саннікаў: Ведаеце, Лукашэнка зрабіў усё, каб падрыхтаваць краіну да акупацыі. Таму спадзявацца на гэты рэжым мне не выпадае. Спадзявацца можна толькі на саміх сябе, на грамадзян у Беларусі і нацыянальныя сілы. Агрэсія з боку Расеі магчымая. І тут больш верагодны крымскі сцэнар.
Давайце не забываць, што ёсць Саюзная дзяржава, якая нікому не патрэбна. Але ў крытычны момант яна можа стаць патрэбнай Расеі.
Я лічу, што можа адбыцца вайсковая акупацыя. Нездарма ідзе гаворка пра вайсковыя базы ўвесь час. І тое, што Беларусь удзельнічае ва ўсіх расейскіх вайсковых манеўрах і г.д., таксама ёсць сігналам. І не столькі сігналам з боку Масквы, а хутчэй з боку рэжыму Лукашэнкі. Таму сітуацыя насамрэч небяспечная, і пагроза з боку Расеі вялікая. Але калі сапраўды пачнуць адбывацца нейкія зрухі, пра якія я казаў, то нават агрэсіўнаму Крамлю не будзе чаго супрацьпаставіць Беларусі, яе незалежнасці і рашэнню заставацца незалежнай, руху краіны да станоўчых зменаў.
РР: Як Вы пракаментуеце апошнюю хвалю затрыманняў, апошнія заканадаўчыя дакументы, той жа самы закон Аб СМІ, які, як ацэньваюць эксперты, канчаткова задушыць незалежныя медыя?
Андрэй Саннікаў: Я лічу, што так, сапраўды не было моцнай рэакцыі міжнароднай супольнасці. Я перш за ўсё маю на ўвазе ўрады краінаў, бо парламентарыі неяк рэагавалі. Таму зараз мы бачым небяспеку для незалежных медыя. Блакаванне Хартыі’97, адсутнасць рэакцыі справакавала і дазволіла прыняць гэтыя папраўкі. Знішчаюць незалежныя медыя і нават дазваляюць заводзіць крымінальныя справы супраць карыстальнікаў.
Другое – гэта незалежныя прафсаюзы, якія зараз у небяспечным становішчы. Больш за тысячу апытаных па гэтай справе – гэта ціск, каб не было ніякіх незалежных прафсаюзаў, нават гэтага слова.
Трэцяе – гэта закон аб «дармаедах», калі закон накіраваны на татальны кантроль, на стварэнне сталінскіх троек. Ён дазваляе ўсё: шантажаваць людзей, вербаваць людзей і гэтак далей, дазваляе нават гандляваць асабістай інфармацыяй з расейскай ФСБ. І гэта будзе рабіцца. Гэтая сітуацыя вельмі небяспечная.
Калі б сапраўды Лукашэнка быў напалоханы магчымай агрэсіяй Крамля, ён наадварот пайшоў бы насустрач апазіцыі ў краіне. Я лічу, што ён гэта робіць, каб нічога не замінала яму здаць краіну Крамлю, каб увогуле тут было ўсё знішчана. У яго зараз ніякіх перамоўных пазіцый няма ў дачыненні да Крамля, ён можа адносна спакойна гандляваць Беларуссю, уключна з поўнай здачай суверэнітэту нашай краіны.
РР: Вы ўсё–такі застаяцеся аптымістам у гэтай сітуацыі?
Андрэй Саннікаў: Відавочна, таму, што свет мяняецца. Вось гэтае сярэднявечча, якое ў Расеі і ў нас, не можа працягвацца. Свет мяняецца, людзі жывуць, нягледзячы на спробы Пуціных і Лукашэнак, людзі жывуць у іншым свеце. Я не магу сказаць дакладна, як будуць адбывацца змены. Я хацеў бы прадухіліць выбухі, хацеў бы, каб не было гэтых выбухаў у Беларусі, каб гэта адбывалася без гвалту. Я не магу гэтага спрагназаваць, але тое, што гэта будзе адбывацца, я ўпэўнены.
Мы бачым, што Захад якія–ніякія, але ўводзіць санкцыі супраць Расеі. Расея церпіць ад гэтых санкцый, ускосна і Беларусь. А можа і не ўскосна. Можа і наўпрост церпіць ад гэтых санкцый. Кантрабанда, якая ідзе праз Беларусь – гэта таксама небясконца, а на гэтым зараз жыве эканамічны рэжым Лукашэнкі.
Я аптыміст, і тое, што мы выстаялі ў цяжкія часы, перажылі савецкі час, перажывём і гэта глупства. Глупства зацягнулася, але я думаю, што канец будзе лагічны, гісторыя іншага канца не ведае.
Прыгадаем, што экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў пасля выбараў 2010 года і тэрміну зняволення выехаў за мяжу, дзе атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі.
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя