У Варшаве гаварылі пра будучыню і фінансавую падтрымку Беларусі (абноўлена)



У Вышэйшай Гандлёвай Школе ў Варшаве дыскутавалі  пра будучыню Беларусі і польскую палітыку ў дачыненні да нашай краіны. Адным з удзельнікаў дыскусіі быў каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў. Дыскусія выклікала вялікую цікавасць сярод варшаўскіх студэнтаў.

2015-10-28_Zavalnia_medyji_finansavannie_fota (1)

Адна са студэнтак згадала рыторыку Андрэя Саннікава ў дачыненні да Расеі ў 2010 годзе, і спытала былога кандыдата ў прэзідэнты, што б ён зрабіў, калі б перамог на выбарах:

Калі б вы ўсё ж такі перамаглі тады на выбарах 2010 года, то як бы вы з Расеяй сябе паводзілі? Адкуль вы бралі б фінансавую дапамогу?

– Давайце не забываць, што цяпер кардынальна сітуацыя змянілася. Тады, апроч усяго іншага, на пасадзе прэзідэнта быў Мядзведзеў, а лібералы-тэхнакраты, якія збіраліся вакол яго, яны верылі ў магчымасць іншага курсу ў Расеі.

Андрэй Саннікаў дадаў, што ў 2010 годзе яшчэ нічога не прадказвала імперскіх паводзінаў Расеі. Таксама палітык падкрэсліў, што калі б ён кіраваў краінай, то дбаў бы пра нацыянальныя інтарэсы, і таму адносіны з Расеяй былі б цвёрдыя.

2015-10-28_Zavalnia_medyji_finansavannie_fota (2)

“Падтрымка незалежных беларускіх медыя павінна быць павялічана,” – такую думку агучыў былы павераны ў справах у Амбасадзе Польшчы ў Менску Вітальд Юраш падчас дыскусіі пра будучыню Беларусі ў Варшаве.

Падобнага меркавання прытрымліваецца і рэдактар штодзённіка “Gazeta Prawna” Марцін Патоцкі, які ацэньвае цяперашнюю палітыку Польшчы ў падтрымцы незалежных беларускіх медыя як сярэднеэфектыўную:

– Яна сярэднеэфектыўная, і перадусім з прычыны нізкіх бюджэтаў. Калі б вы мелі большы бюджэт, то былі б больш эфектыўныя. Але разам з тым мы гаворым пра эфектыўнасць, бо такія незалежныя медыя, як “Белсат”, Беларускае Радыё Рацыя, якія маюць падтрымку з Захаду, трапляюць да пэўнага кола людзей. Таксама вы маеце магчымасць пабачыць, як выглядаюць дэмакратычныя медыя. Напрыклад, польскія. Беларускія журналісты працуюць ці працавалі ў Польшчы, праходзілі стажыроўку, а пасля, вяртаючыся ў Беларусь, дзяліліся сваім досведам з іншымі калегамі.

Важнасць падтрымкі беларускіх незалежных медыя ўдзельнікі дыскусіі матывавалі неабходнасцю супрацьстаяння расейскай прапагандзе. Таксама Марцін Патоцкі зазначыў, што падтрымка беларускай журналістыкі вельмі важная і для самой Польшчы, бо спрыяе прыязнасці паміж беларускімі элітамі і палякамі.

Андрэй Саннікаў зазначыў, што Польшча добра ведае беларускую сітуацыю, і ў нашых інтарэсах, каб Польшчу больш чулі ў Еўразвязе:

Я вельмі зацікаўлены, каб польскія ўлады адыгрывалі сур’ёзную ролю не толькі ў дачыненні да Беларусі і ў Еўразвязе. Палітыка ў дачыненні да нашай краіны можа стаць тым вырашальным момантам, калі польскія ўлады больш сур’ёзна будуць гучаць у Бруселі. А для гэтага патрэбна прынцыповая палітыка. Польшча вельмі добра ведае сітуацыю ў Беларусі. І калі б Польшча вызначылася са стратэгічнай лініяй, то гэта было б заўважана і ў ЕЗ.

2015-10-28_Zavalnia_medyji_finansavannie_fota (3)

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара