Андрэй Стрыжак мае намер балатавацца на пасаду старшыні прафсаюза РЭП
Андрэй Стрыжак на з’ездзе, які пройдзе вясной наступнага года, збіраецца балатавацца на пасаду старшыні прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці.
Такое рашэнне прынятае ім у тым ліку з-за таго, што ўлада абмежавала магчымасць балатавацца на гэтую пасаду экс-старшыні арганізацыі Генадзю Фядынічу.
– Зараз абавязкі старшыні выконвае Зінаіда Міхнюк. На стан вясны 2020 года ні Фядыніч, ні Комлік не будуць мець магчымасць балатавацца ў якасці кандыдатаў. Арганізацыя знаходзіцца ў даволі складаным становішчы, эфектыўнае кіраўніцтва ўскладняецца тым, што чалавек знаходзіцца фактычна пад хатнім арыштам. Я прыняў такое няпростае для сябе рашэнне ў складаны для арганізацыі час ісці ў кіраўнікі.
Па словах Андрэя Стрыжака, у выпадку яго абрання на пасаду старшыні прафсаюза РЭП, ён плануе карыстацца новымі падыходамі ў працы прафсаюза. У тым ліку працы з моладдзю, якая баіцца слова прафсаюз, а таксама працы па абароне беларусаў, якія выязджаюць працаваць у суседнія краіны – Польшчу ці Расею, і дзе іх часцяком падманваюць працадаўцы.
– Людзі ездзяць на працу ў розныя краіны. І там, бывае, трапляюць у непрыемныя сітуацыі з наймальнікамі. І яны зусім не абаронены. Але ў нас ёсць даволі добрыя сталыя кантакты з замежнымі прафсаюзамі, якія можна паглыбляць і рабіць абарону людзей магчымай. І каб гэта было ў межах закона, каб можна было абараніць чалавека, яму будзе прасцей уступіць у прафсаюз РЭП, які будзе мець дамоўленасць з якім-небудзь еўрапейскім прафсаюзам. І мы будзем адзін аднаму дапамагаць.
Летась экс-старшыні прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і бухгалтару Ігару Комліку за ўхіленне ад выплаты падаткаў прысудзілі 4 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову (так званай «хатняй хіміі»). Праваабаронцы, якія назіралі за судовым працэсам, назвалі гэтую справу палітычна матываванай.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя