Андрэй Суздальцаў: Расея зацікаўлена ў беларускай дзяржаўнасці



Стратэгічны курс на ўмацаванне стасункаў з Беларуссю не ставіцца пад сумнеў, заявіла афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава. Яна сказала, што з гэтай мэтай створана адпаведная расейска-беларуская рабочая група. Такім чынам Марыя Захарава пракаментавала нядаўнія заявы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што Расея можа страціць «адзінага саюзніка на заходнім кірунку».

У сваю чаргу расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў у размове з нашым карэспандэнтам паставіў пад сумнеў, што Беларусь з’яўляецца сапраўдным саюзнікам Расеі:

– Да сённяшняга дня апошнія 25 гадоў мы ўсё імкнёмся зразумець, а які з Беларусі саюзнік? Што мы страцім? Бо саюзнік Расеі – гэта Калінінград. Ён прыкрывае Расею з Захаду. Базу расейскіх ПКС Лукашэнка адмовіўся размяшчаць. І калі ласка. Але гэта быў знак, што гэта не саюзнік. У плане эканомікі, эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расеі няма, ёсць толькі кантрабанда і датацыі. І ўвогуле стварэнне сістэмы датацый, субсідый, прэферэнцый падмяніла рэальную інтэграцыю.  Таму ў палітычным плане на міжнароднай  арэне Беларусь вядзе антырасейскую палітыку. Яна ў саюзніках з Кіевам. Пасля кастрычнаіка мы гэта зразумелі.

Лукашэнка ўвесь час гаворыць, што ён саюзнік Расеі. Але як гэта праяўляецца на практыцы, для нас гэта загадка.

РР: Вы ўзгадалі пра эканамічныя прэтэнзіі. Яны з беларускага боку гучаць усё грамчэй. У той жа час Пуцін прыводзіў лічбы падтрымкі беларускай эканомікі, у тым ліку па пастаўках газу. Расея па-ранейшаму будзе фінансаваць рэжым Аляксандра Лукашэнкі?

Андрэй Суздальцаў: Гэта трэба дзяліць на дзве часткі. Расея заўсёды была і застаецца зацікаўленай у беларускай дзяржаўнасці. Таму што нават геапалітычна нам важнае знаходжанне паміж Расеяй і Польшчай славянскай дзяржавы, якая для нас не з’яўляецца чужой. Расея дапамагала беларускай дзяржаўнасці і да Лукашэнкі, з пачатку яе ўзнікнення. І будзе дапамагаць і пасля Лукашэнкі.

Лукашэнка падвысіў градус датацый, падтрымак і так далей, таму што ён выступаў з прапановамі  розных інтэграцыйных праектаў. Гэтае нарошчванне датацый ішло ўжо па-над вашай дзяржаўнасцю. Гэта былі інтэграцыйныя авансы. І Расея ўжо паставіла пытанне: прабачце, калькі год мы даем гэтыя авансы? Беларусь ужо пераўтварылася ў нафтавы афшор. І калі мы гаворым пра інтэграцыю, на нас глядзяць быццам неразумеючы: „Так ўсё ж добра, што вам яшчэ трэба? Мы ж вашы саюзнікі. Канешне, мы не саюзнікі расейскага народа, расейскай улады, расейскай дзяржавы. Мы саюзнікі расейскай нафты, газа, расейскіх рэсурсаў, рынка, крэдытаў, тэхналогій. А так ідзіце вы лесам са сваім Крымам і так далей.”

РР: А што разумеюць зараз у Расеі пад далейшай інтэграцыяй? Ці актуалізавалася пытанне пра далучэнне Беларусі да Расеі?

Андрэй Суздальцаў: Расея чакае выканання Саюзнай дамовы, падпісанай беларускім бокам ў снежні 1999 года. Там усё прапісана: адзіныя цэнтры, наднацыянальныя структуры, адзіная мяжа, магчыма нават адзіныя ўзброеныя сілы ў перспектыве. Тады няма пытанняў з датацыямі і ўсім астатнім.

РР: Як Вы лічыце, ці будуць у Расеі падтрымліваць кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі на бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах?

Андрэй Суздальцаў: Гэта пытанне, бо Расея прынцыпова не будзе ўмешвацца ва ўнутрыпалітычную сітуацыю ў рэспубліцы. Бо будзе паўтарацца сітуацыя, як з Украінай. Ніякіх расейскіх ці прарасейскіх кандыдатаў не будзе. З іншага боку, няма ілюзій у адносінах да самога Лукашэнкі, што ён не з’яўляецца саюзнікам Расеі. Ён з’яўляецца саюзнікам толькі сваёй улады. І паўстае пытанне – ці варта ўвогуле яго падтрымліваць?

Апошнім часам стасункі на лініі Менск-Масква пагоршыліся. Аляксандру Лукашэнку не ўдалося дамовіцца з Уладзімірам Пуціным аб кампенсацыі за падатковы манеўр Расеі ў нафтавай сферы. У сваю чаргу Крэмль патрабуе ад Беларусі далейшай інтэграцыі згодна з падпісанымі Беларуссю саюзнымі пагадненнямі.

Гутарыў Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота sputnik.by