Андрэй Суздальцаў: У Маскве няма ілюзій з нагоды інтэграцыі
Расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў прагназуе, чым могуць закончыцца інтэграцыйныя праекты Беларусі і Расеі.
Андрэй Суздальцаў: У Маскве вялікіх ілюзій з нагоды “паглыбленай інтэграцыі” няма. Вопыт працы з беларускім кіраўніком паказвае, што ён хутка пагаджаецца на любыя прапанаваныя варыянты, але не больш за тое. Калі не памыляюся, паміж Беларуссю і Расеяй падпісана каля 50 пагадненняў, якія беларускі бок не асабліва выконвае. Забіраюць сваю долю з гэтых пагадненняў і на гэтым – усё. Беларускія ўлады нярэдка абураюцца дзеяннямі Масквы, але няўжо Расеі выгадна штогод прадаваць Беларусі нафту і газ па танных коштах?
РР: Што найперш будуць рабіць у звязку з інтэграцыяй?
Андрэй Суздальцаў: Хутчэй за ўсё, падрыхтуюць дарожную мапу, хаця такая ўжо была распрацавана ў 2014 годзе. І тут трэба разумець, што ад працоўных груп па сутнасці нічога не залежыць. Яны проста складуць план, але ўсё будзе вырашацца ў іншых кабінетах і іншымі людзьмі.
РР: На ваш погляд, ці існуе пагроза для незалежнасці Беларусі?
Андрэй Суздальцаў: Мне падаецца, такой пагрозы няма. Калі Беларусь сама не захоча страціць незалежнасць, то так і будзе. Гэта ў меншай ступені залежыць ад суседзяў, бо Беларусь сёння ніякіх пагроз для Расеі не нясе. Масква наадварот зацікаўлена, каб паміж Расеяй і Польшчай была такая славянская краіна, як Беларусь.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота SPUTNIK Беларусь