Андрэй Суздальцаў: Якая любоў, калі адсутнічае давер?
Палітолаг Андрэй Суздальцаў выказаў сваё меркаванне з нагоды сённяшніх беларуска-расейскіх стасункаў. Масква і Менск у апошнія дні адвешваюць адзін аднаму паклоны.
“Мы разглядаем, разглядалі і будзем разглядаць Расію як бліжэйшага саюзніка і партнёра, і заўсёды будзем прытрымлівацца нашых ўзгодненых падыходаў”, – заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
“Беларусь павінна быць удзячна Лукашэнку, бо з разрухі 90-х гадоў яго намаганнямі краіна выйшла на ўзровень, які існуе сёння”, – кажа сёння пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.
Андрэй Суздальцаў: Паміж афіцыйным Менскам і Масквой ніякай асблівай любові няма, а абмен кампліментамі – звычайны палітычны рытуал. Якая тут любоў, калі адсутнічае поўны давер? Крэмль дастаткова праінфармаваны аб дзеяннях беларускіх уладаў. Але зараз такая сітуацыя, што гэтыя рэчы адыходзяць на другі план. Захоўваецца высокі ўзровень ціску на Расею ў супрацьстаянні з Захадам, а Беларусь застаецца як бы саюзнікам. Афіцыйны Менск часам і нервуе Крэмль сваімі паводзінамі, але, як кажуць, коней на пераправе не мяняюць. Хоць беларускі бок і выказаў асабістае меркаванне па Крыму, але фактычна выніковая дэкларацыя на саміце “Усходняга партнёрства” была падпісана Беларуссю. Натуральна, Крэмль, які дае грошы і рэсурсы, не задаволены гэтым. Афіцыйны Менск, які цудоўна разумее, што будзе з эканомікай без расейскай рэсурснай і крэдытнай падтрымкі, таму і робіць свае заявы адносна сяброўскага “расейскага вектара”.
РР: Сёння Масква ізноў робіць стаўку на Лукашэнку?
Андрэй Суздальцаў: Па-першае, Крэмль пакуль не бачыць замены Лукашэнку, а сама беларуская ўлада, мяркуючы па ўсім, таксама яшчэ не збіраецца рыхтаваць сабе пераемніка. Статус нязменнага лідара, відаць, усім падабаецца. Па-другое, беларуская апазіцыя фактычна поўнасцю працуе на Лукашэнку. І трэцяе – Маскве вельмі не хочацца паўтору 2010 году, калі шэраг апазіцыйных кандыдатаў аб’явілі сябе “расейскімі эмісарамі”. Таму зараз Крамлю нічога іншага не застаецца, як падтрымаць дзеючую беларускую ўладу.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя