Андрэй Толчын: Незалежнасць – гэта каштоўнасць



Праз 29 гадоў пасля прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце беларусы сталі болей разумець каштоўнасць незалежнасці. Так лічыць палітык Андрэй Толчын:

– Гэта не проста так адбылося, бо перад гэтым яшчэ ў чэрвені была прынята дэкларацыя аб незалежнасці РСФСР, Украіна прымала. Мы ўжо апошнія і тое пад ціскам апазіцыі. Для Беларусі гэта мае вельмі моцнае значэнне таму, што гэта быў той крок, які працягнуў крок ад 25 сакавіка 1918 года.

Дэпутат Гомельскага гарсавета 21 склікання ўзгадвае, што на момант прыняцця Дэкларацыі большасць жыхароў абласнога цэнтра мала разумелі неабходнасць незалежнасці:

– З пункту гледжання грамадзян, яны ніяк не рэагавалі калі сказаць шчыра. Яны яшчэ не разумелі, што такое незалежнасць, яны яшчэ марылі пра Савецкі Саюз. Гэтаму быў доказам рэферэндум, які правялі ў сакавіку, на ім 82% прагаласавала за Савецкі Саюз. З цягам часу большасць простых людзей пачала разумець, што незалежнасць сама па сабе – гэта каштоўнасць, што беларушчына – гэта каштоўнасць. Самасвядомасць людзей змянілася.

27 ліпеня 1990 года Вярхоўны савет прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце, якая замацоўвала права беларусаў на самавызначэнне, дзяржаўнасць мовы і вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу. Дэкларацыя атрымала статус Канстытуцыйнага закону 25 жніўня 1991.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель