Андрэй Ягораў: Чуткі пра смерць грамадскай супольнасці ў Беларусі перабольшаныя
Чаму апазіцыя Беларусі дагэтуль настолькі раз’яднаная? Здаровым скепсісам такога пытання завершылася прэс-канферэнцыя Каардынацыйнай рады, прысвечаная новаму інстытуту прадстаўнікоў, які быў створаны нядаўна пры самой радзе. Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі немагчымасць яднання сілаў супраціву рэжыму Лукашэнкі, аднак распавялі, навошта ў радзе ўвялі пазіцыю Прадстаўнікоў і прэзэнтаваі праграмы па ключавых напрамках развіцця. Кажа прадстаўніца Каардынацыйнай Рады па развіццю чалавечага капіталу Вольга Кавалькова:
– У Каардынацыйнай рады ёсць прызнаная міжнародная суб’ектасць, мы прызнаны, як прадстаўнічны орган беларускага грамадства Еўрапейскім парламентам і Кангрэсам ЗША. Інстытут прадстаўніцтва – інстытут, які ўзнік у гэтым месяцы, каб экспертыза сябраў Каардынацыйнай рады транслявалася і дапамагала як супольнасцям унутры Беларусі, так і на міжнароднай арэне.
Прадстаўнік Каардынацыйнай рады ў сферы грамадзянскай супольнасці Андрэй Ягораў агучыў бягучы стан грамадства у Беларусі:
– Ліквідаваны ці знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі толькі па адкрытым крыніцам 186 грамадскіх супольнасцяў. Гэта самае масавая зачыстка грамадскай супольнасці з 1999 года, калі дзяржава таксама масава перарэгістравала грамадскія аб’яднанні і ліквідавала дзясяткі з іх. Большасць людзей, якія ўдзельнічалі ў дзейнасці грамадскай супольнасці, застаюцца ў Беларусі і працягваюць дзейнічаць. Чуткі пра смерць грамадскай супольнасці ў Беларусі перабольшаныя, яна будзе працягваць актыўнасць, нягледзячы на ўмовы, якія ствараюцца гэтым рэжымам.
Па словах удзельнікаў прэс-канферэнцыі, інстытут прадстаўніцтва дае мажлівасць захаваць эфектыўных мэнэджараў, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь. На дадзены момант у Каардынацыйнай Радзе абраныя прадстаўнікі па напрамках бізнэсу, Усходняга партнёрства, палітычных зняволеных, культуры, спорту ды іншых. Плануецца, што свае праграмы мэнэджары рэалізуюць на працягу шасці месяцаў.
Беларускае Радыё Рацыя